На палітзьняволенага Сьцяпана Латыпава, які адбывае тэрмін у калёніі «Воўчыя норы», працягвае ціснуць адміністрацыя.
Яго родныя паведамляюць, што прыкладна ў сярэдзіне траўня палітвязьня зьмясьцілі ў памяшканьне камэрнага тыпу (ПКТ). Гэта спэцыяльная камэра, куды пераводзяць вязьняў у якасьці спагнаньня за злосныя парушэньні вызначанага парадку калёніі. Там яны маюць права атаварвацца ў турэмнай краме на адну базавую велічыню ў месяц, атрымліваць адну бандэроль на працягу 6 месяцаў і мець штодзённы шпацыр працягласьцю 30 хвілін і хадзіць на працу, піша «Вясна».
Па словах сваякоў Сьцяпана, за першыя два тыдні ў ПКТ ён атрымаў толькі два лісты, адзін зь якіх — ад бацькі.
«У сваім лісьце Сьцяпан шкадуе, што правядзе лета ў камэры: ён не пасьпеў нарадвацца кветкам увесну. Прасіў пісаць часьцей», — кажа бацька.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Тое, што потым адбылося з сынам, мне цяжка ўспамінаць». Пагаварылі з бацькам Сьцяпана Латыпава16 жніўня палітзняволенага жыхара «Плошчы Пераменаў» Сьцяпана Латыпава асудзілі да 8,5 гадоў калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і аштрафавалі на 300 базавых велічыняў.
Судзьдзя Аляксандр Волк прызнаў яго вінаватым у стварэньні дваровага telegram-чата, майстэрні па вырабе пратэснай сымболікі, супраціве супрацоўнікам міліцыі пры затрыманьні 15 верасьня. Акрамя гэтага, як дырэктара кампаніі «Беларбо» яго прызналі вінаватым ва ўвядзеньні ў зман кліентаў пры аказаньні паслуг па хімічнай абароне расьлін. Сам Сцяпан на судзе не прызнаў віну і адмовіўся ад дачы паказаньняў.
Падчас суду Сьцяпан Латыпаў спрабаваў скончыць жыцьцё самагубствам — ён уторкнуў ручку сабе ў горла. Пасьля гэтага палітвязьня праапэравалі ў адной зь менскіх бальніц.
За пяць месяцаў у калёніі Латыпава зьмяшчалі ў штрафны ізалятар агулам на 32 дні, 27 зь якіх ён адбыў у лютым.
Напісаць Сьцяпану Латыпаву ліст можна па адрасе: ПК № 22, 225295, Берасьцейская вобласьць, г. Івацэвічы, ст. Даманава, а/с 20, Сьцяпан Сяргеевіч Латыпаў
Ігара Аліневіча адправілі ў штрафны ізалятар
Праваабаронцам «Вясны» стала вядома, што палітзьняволенага Ігара Аліневіча па прыбыцьці ў папраўчую калёнію №20 проста з карантыну адправілі ў штрафны ізалятар.
Актывіста анархічнага руху Ігара Аліневіча, якога 22 сьнежня 2021 году асудзілі да 20 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму, у траўні этапавалі ў папраўчую калёнію № 20 у Мазырскім раёне. Да таго Аліневіч знаходзіўся ў гомельскім СІЗА.
Яго, а таксама Дзьмітрыя Дубоўскага, Дзьмітрыя Разановіча і Сяргея Раманава абвінавацілі па шэрагу артыкулаў за падпал службовых аўтамабіляў, будынка ДАІ і дзяржаўнага камітэта экспэртыз у Гомельскай вобласьці: ч. 2 арт. 289 — акт тэрарызму; ч. 2 і ч. 4 арт. 295 — незаконныя дзеяньні ў дачыненьні агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў; Дубоўскага і Аліневіча таксама і па ч. 1 арт. 333-1 — незаконнае перамяшчэньне празь мяжу забароненых рэчываў, агнястрэльнай зброі і выбуховых прыладаў. Сам суд з першага пасяджэньня адбываўся ў закрытым рэжыме.
Новы адрас Аліневіча: ПК № 20, 247755, Гомельская вобл., Мазырскі р-н, Міхалкоўскі сельсавет, 70, Ігару Ўладзіміравічу Аліневічу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навіны палітвязьняў: Ігара Аліневіча перавялі ў калёнію; Уладзімер Гундар прысьвяціў верш Вітольду Ашурку