Пра гэта паведамляе агенцтва «РИА Новости» са спасылкай на прэс-службу суду. Як адзначыла прэс-сакратар, рашэньне аб арышце маёмасьці Няўзорава ў Пецярбургу суд вынес яшчэ 18 траўня. Яна назвала гэта забясьпячальным захадам на выпадак, калі па крымінальнай справе Няўзорава ў якасьці пакараньня прызначаць штраф.
Журналіст пракамэнтаваў рашэньне суду ў сваім тэлеграм-канале.
«О, затупала лапцямі расейская Тэміда. Распырхалася. Але ножкі ў расейскай Тэміды як былі крывыя, так і засталіся. Тупае яна імі злосна, але пацешна», — напісаў Няўзораў. Паводле яго слоў, на арыштаванай дачы «з дарагога» засталіся «вельмі стары жарабец, які дажывае ў спакоі», сабака і шмат кніг.
Аднак «у параўнаньні з той брыдотай, разбурэньнямі і масавымі забойствамі, якія робіць пуцінізм ва Ўкраіне, гэта дробязі», дадаў Няўзораў і зазначыў, што «біцца з фашызмам і разьлічваць на яго ласку было б глупствам».
Расейскі публіцыст Аляксандар Няўзораў цяпер за мяжой. У Расеі былы тэлевядоўца і дэпутат Дзярждумы завочна арыштаваны і абвешчаны ў вышук па крымінальнай справе аб дыскрэдытацыі расейскай арміі.
Няўзорава завочна перасьледуюць за паведамленьні ў сацыяльных сетках пра абстрэл расейскімі вайскоўцамі радзільнага дома ў Марыюпалі. Журналіст назваў гэты абстрэл наўмысным. Сьвядомыя атакі вайскоўцамі цывільных абʼектаў могуць расцэньвацца як ваеннае злачынства.
Міністэрства юстыцыі Расеі таксама ўнесла Няўзорава, які выступае за вяртаньне Крыму Ўкраіне і поўнае вызваленьне Данбасу, у сьпіс СМІ-«инагентов» і заблякавала ягоны сайт.
На патрабаваньне СК Расеі суды таксама арыштавалі маёмасьць (банкаўскія рахункі, транспартныя сродкі і кватэры) журналістаў Андрэя Салдатава, Руслана Левіева і Майкла Накі, якіх таксама абвінавачваюць па артыкуле аб распаўсюдзе «заведама ілжывай інфармацыі» аб дзеяньнях расейскай арміі. Усе гэтыя журналісты цяпер за мяжой, у Расеі яны завочна арыштаваныя і абвешчаныя ў вышук.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Аляксандар Няўзораў: «Лухта, што пашпарт Украіны мне патрэбен для свабоднага перамяшчэньня па Эўропе»