«Мы зь Мікалаем Шарахам хацелі сустрэцца з прадстаўнікамі Мінпрацы і Адміністрацыі прэзыдэнта і паразмаўляць, абмеркаваць тое, што адбываецца. Магчыма, калі б прафсаюзныя лідэры апынуліся на волі, санкцыйны ціск на Беларусь зьнізіўся б. Але чыноўнікі не адгукнуліся. Напэўна, адчуваюць, што не ад іх залежыць гэтае рашэньне», — расказаў «Народнай волі» кіраўнік Свабоднага прафсаюзу мэталістаў Аляксандар Бухвостаў.
Кіраўнік суполкі Свабоднага прафсаюзу з Полацку Мікалай Шарах выйшаў зь СІЗА КДБ пад падпіску аб нявыезьдзе і належных паводзінах. Яго падазраюць паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу (удзел у дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак).
2 траўня з СІЗА вызвалілі Аляксандра Бухвостава. 19 красавіка ён быў затрыманы разам зь іншымі прафсаюзнымі лідэрамі. У хуткім часе пасьля затрыманьня 77-гадовы Бухвостаў трапіў у шпіталь.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вольга Брыцікава расказала пра свае 75 сутак за надпіс «Не — вайне»Апошнім часам разгарнулася хваля рэпрэсій супраць лідэраў і актывістаў незалежных прафсаюзаў.
10 чэрвеня генэральны пракурор Беларусі Андрэй Швед накіраваў у Вярхоўны суд заявы аб спыненьні дзейнасьці ўсіх незалежных прафсаюзаў, лідэры якіх застаюцца ў турме. У іх сьпісе:
- Беларускі свабодны прафсаюз,
- Свабодны прафсаюз мэталістаў,
- Беларускі незалежны прафсаюз гарнякоў, хімікаў, нафтаперапрацоўшчыкаў, энэргетыкаў, транспартнікаў, будаўнікоў і іншых работнікаў,
- Беларускі прафсаюз работнікаў радыёэлектроннай прамысловасьці,
- Асацыяцыя прафсаюзаў «Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў».
Рэпрэсіі супраць лідэраў незалежных прафсаюзаў
13 траўня праваабарончая супольнасьць Беларусі прызнала палітвязьнямі 10 прадстаўнікоў незалежных прафсаюзаў, якіх затрымалі ў красавіку 2022 году.
Палітвязьнямі прызнаныя Аляксандар Ярашук, старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП); Сяргей Антусевіч, намесьнік старшыні БКДП; Генадзь Фядыніч, лідэр прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасьці; прафсаюзныя актывісты Вацлаў Арэшка, Міхаіл Громаў, Ірына Буд-Гусаім, Міраслаў Сабчук, Яніна Малаш, Віталь Чычмароў, Васіль Берасьнёў.
«Пазбаўленьне волі ўказаных асобаў адбылося на фоне шырокамаштабнай кампаніі перасьледу незалежных прафсаюзаў і прафсаюзных лідэраў апошнім часам і носіць сыстэмны характар», — гаворыцца ў заяве праваабаронцаў, якія заклікалі неадкладна вызваліць усіх палітычных зьняволеных і спыніць палітычныя рэпрэсіі.
Дакладна пра сутнасьць выстаўленых ім абвінавачаньняў амаль нічога невядома.
Па зьвестках праваабаронцаў, старшыню Беларускага Кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандра Ярашука і намесьніка старшыні Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Сяргея Антусевіча перавялі зь СІЗА КДБ у СІЗА на Валадарскага.
Таксама ўзмацняецца ціск на нізавыя прафсаюзныя арганізацыі ў рэгіёнах. Дзейнасьць некаторых зь іх прыпынілі. Так, дзейнасьць нізавой арганізацыі Незалежнага прафсаюзу «Гродна Азот» прыпыніла абласная пракуратура.
11 траўня Горадзенскі абласны суд прызнаў «экстрэмісцкай арганізацыяй», забараніў дзейнасьць і ліквідаваў Незалежны прафсаюз «Гродна Азот».
Вядома таксама, што 25 красавіка рашэньнем Мазырскага гарвыканкаму спынілі дзейнасьць Незалежнага прафсаюзу Мазырскага НПЗ. Да гэтага на сяброў прафсаюзу чынілі, гучалі пагрозы непадпісаньня кантрактаў. Многіх затрымлівалі, саджалі на 15 сутак, а потым звальнялі за «прагулы».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Узначальвалі рабочы рух яшчэ ў 90-х. Каго затрымалі ў справе незалежных прафсаюзаў