У сваім дакладзе, апублікаваным на сайце ААН, спэцыяльная дакладчыца аб правах чалавека ў Беларусі Анаіс Марэн апісала тэндэнцыі, заклапочанасьці і прагрэс што да сытуацыі з грамадзянскімі, палітычнымі, эканамічнымі, сацыяльнымі і культурнымі правамі ў Беларусі.
У дакумэнце, які будзе прадстаўлены 28 чэрвеня ў Жэнэве, прааналізаваны пэрыяд з 1 красавіка 2021 году па 31 сакавіка 2022 году. У ім аналізуюцца падзеі і тэндэнцыі, зафіксаваныя пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 9 жніўня 2020 году, вынікі якіх былі аспрэчаныя.
«Аналіз паказвае, што беларускія ўлады не зьвярнулі ўвагі на шматлікія заклікі і рэкамэндацыі айчынных і міжнародных арганізацый знайсьці рашэньні для ўрэгуляваньня крызісу на аснове праваабарончага падыходу. Замест гэтага рэпрэсіўная палітыка і жорсткія меры, якія прымаюцца дзеля задушэньня рэальнай і ўяўнай апазыцыі ўраду, прывялі да далейшага пагаршэньня сытуацыі з правамі чалавека ў краіне», — адзначае Анаіс Марэн.
- Спэцдакладчыца аналізуе працяглае задушэньне палітычнага іншадумства, далейшае абмежаваньне свабоды думак і іх выказваньня ў краіне, а таксама рост колькасьці выпадкаў адвольнага затрыманьня і ўтрыманьня пад вартай з палітычных матываў.
- У дакладзе Марэн удзяляе асаблівую ўвагу аналізу канстытуцыйнай рэформы ў Беларусі, адзначаючы непасрэдныя нэгатыўныя і патэнцыйна далёкасяжныя наступствы некаторых зь нядаўна прынятых палажэньняў новай Канстытуцыі.
- Прадстаўніца ААН прыйшла да высновы, што ўрад праводзіць палітыку сыстэматычных ганеньняў, запалохваньня, перасьледу і выкарыстаньня крымінальных і адміністрацыйных абвінавачаньняў у спробе здушыць грамадзянскую актыўнасьць, свабоду СМІ і ўдзел у вядзеньні дзяржаўных спраў, і гэта прыводзіць да фактычнай ліквідацыі грамадзянскай прасторы, а канстытуцыйная рэформа не дазваляе вырашыць надзённыя праблемы.
Анаіс Марэн вынесла рэкамэндацыі для пераадоленьня бягучай сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі.
«Спэцыяльная дакладчыца ўстрывожаная тым, што і без таго нестабільная сытуацыя з правамі чалавека ў Беларусі яшчэ пагоршылася, і пацьвярджае сваё меркаваньне аб тым, што гэтая сытуацыя патрабуе пастаяннай увагі і маніторынгу. Яна заклікае да дыялёгу і скаардынаваных намаганьняў па ўмацаваньні павагі правоў чалавека», — напісана ў дакумэнце.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Спэцдакладчыкаў ААН паінфармавалі пра перасьлед выдаўца ЯнушкевічаРэкамэндацыі спэцдакладчыцы беларускаму ўраду
У сувязі з праблемамі і заўвагамі, апісанымі ў дакумэнце, прадстаўніца ААН заклікала ўрад Беларусі:
- пакласьці канец палітыцы сыстэматычных рэпрэсій супраць арганізацый грамадзянскай супольнасьці і праваабаронцаў;
- вызваліць усіх зьняволеных, асуджаных з палітычных матываў;
- адмяніць рашэньні аб прымусовай ліквідацыі незалежных СМІ і арганізацый грамадзянскай супольнасьці;
- неадкладна пакласьці канец актам ціску, запалохваньня і перасьледу і іншых формаў рэпрэсій у дачыненьні да адвакатаў;
- забясьпечыць апэратыўнае, празрыстае і дзейснае расьсьледаваньне незалежным і бесстароньнім органам усіх выпадкаў сьмерці ў зьняволеньні і ўсіх паведамленьняў аб катаваньнях і іншых відах жорсткага абыходжаньня;
- прыняць усёабдымныя меры для павароту назад тэндэнцыі масавага пакіданьня беларусамі сваёй радзімы і пакласьці канец атмасфэры рэпрэсій і страху;
- працаваць над адменай сьмяротнага пакараньня на заканадаўчым узроўні і ўвесьці неадкладны мараторый на яго прымяненьне.