У расейскіх тэлеграм-каналах і некаторых СМІ Андрэя Макарэвіча, Максіма Галкіна, Юрыя Дудзя і іншых вядомых расейцаў абвінавацілі ў тым, што яны „спансавалі дзяржаўны пераварот у Беларусі“ — нібыта данацілі грошы ў BySol. У BySol пракамэнтавалі гэтую заяву.
У расейскіх прапагандысцкіх тэлеграм-каналах учора зьявіліся паведамленьні, што Андрэй Макарэвіч, Максім Галкін, Юры Дудзь і іншыя вядомыя грамадзяне РФ нібыта ахвяравалі грошы ў беларускі фонд BySol і такім чынам „спансавалі дзяржаўны пераварот у Беларусі“. Усяго данаты ў фонд нібыта зрабілі больш за пяць тысяч грамадзян РФ.
Сьпісы расейскіх грамадзян, якія спансавалі BySol, нібыта перадаў у Крэмль Аляксандар Лукашэнка. Інфармацыю пра гэта распаўсюдзілі і некаторыя прапагандысцкія расейскія СМІ.
Лідэр гурту «Машина времени» Андрэй Макарэвіч гэтую заяву іранічна пракамэнтаваў у сябе ў Фэйсбуку:
«А я ж яшчэ марсіянаў да бацькі падсылаў, заражаных малпай воспай, і шкло бітае яму ў суп сыпаў!»
Кіраўнік фонду BySol Андрэй Стрыжак абверг гэтыя заявы, назваўшы іх трызьненьнем:
«Вельмі цікава, як спэцслужбы дзьвюх дыктатур зьліліся ў экстазе маразму і нарадзілі чарговае трызьненьне. Макарэвіч, Пугачова, Галкін, Дудзь, Дзерыпаска (!) сабраліся разам і прафінансавалі «мяцеж у Беларусі» праз фонд BySol.
Нібыта Лукашэнка перадаў нейкія сьпісы нашых расейскіх данатараў у Маскву. Сьпісы гэтыя настолькі ж рэальныя, як і мапы «чатырох пазыцый, зь якіх рыхтаваўся напад» украінцаў на Беларусь. Мяркуючы па якасьці прадукту, крэатары прапагандысцкай лухты перайшлі зь якаснага дыпляматычнага аргентынскага какаіну на клей «Момент».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Самая дарагая мая рэч — ноўтбук за 1500 эўра». Вялікая размова з кіраўніком BySol Андрэем Стрыжаком у праекце «Ворагі рэжыму»