Зяленскі падпісаў указ аб увядзеньні пэрсанальных санкцыяў супраць Пуціна і іншых кіраўнікоў Расеі

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі падпісаў рашэньне Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны аб увядзеньні пэрсанальных спэцыяльных эканамічных і іншых абмежавальных захадаў у дачыненьні да першых асобаў Расейскай Фэдэрацыі.

У сьпісе тых, хто падпадае пад санкцыі, — 35 асобаў, у тым ліку прэзыдэнт РФ Уладзімір Пуцін, яго прэс-сакратар Дзьмітры Пяскоў, кіраўнік ураду Міхаіл Мішусьцін, ягоны намесьнік Андрэй Белавусаў, кіраўнік апарату ўраду РФ Дзьмітры Грыгоранка ды іншыя.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зяленскі: вайна не павінна cкончыцца «патам»

Міністэрству замежных спраў Украіны даручана паінфармаваць кампэтэнтныя органы ЭЗ, ЗША ды іншых дзяржаваў пра ўвядзеньне санкцыяў і ўзьняць перад імі пытаньне аб аналягічных захадах зь іх боку.

Акрамя гэтага, Зяленскі падпісаў указ аб санкцыях, якія закранаюць рэктараў расейскіх ВНУ і іх навучальныя ўстановы. Агулам санкцыі ўведзеныя супраць 261 чалавека і 236 расейскіх ВНУ.