Урад «замарозіў» базавую арэндную велічыню і арэндныя стаўкі за дзяржаўную маёмасьць

У Беларусі да 1 красавіка 2024 году не будуць падвышаць базавую арэндную велічыню і арэндныя стаўкі за карыстаньне дзяржмаёмасцю — рухомай і нерухомай. Такое рашэньне прыняў апэратыўна-сытуацыйны штаб пры ўрадзе

Пра гэта паведамляе партал Зеркало.

Базавую арэндную велічыню апошні раз падвышалі з 27 сакавіка 2019 году, яна складае 16,9 рублёў.

Гэтае рашэньне дазволіць захаваць умовы для стабільнага функцыянаваньня суб’ектаў гаспадараньня, заяўляюць ва ўрадзе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Найбольш падаражэюць замежныя прадукты». Разьбіраемся, на якія тавары хутка вырастуць цэны ў Беларусі

Базавая арэндная велічыня ўжываецца ў разьліках арэнднай платы пры арэндзе плошчаў, якія знаходзяцца ў дзяржаўнай уласнасьці. Гэта датычыцца ўласнасьці гаспадарчых таварыстваў, у статутных фондах якіх больш як 50% акцыяў належыць беларускай дзяржаве або яе адміністрацыйна-тэрытарыяльным адзінкам, а таксама капітальных пабудоваў, ізаляваных памяшканьняў, машына-месцаў і іх частак.

Чыноўнікі хочуць таксама даваць у бязвыплатнае карыстаньне на пяць гадоў дзяржмаёмасьць, якая не выкарыстоўваецца больш за тры гады.