Міністэрства інфармацыі Беларусі патрабуе ад Google тлумачэньняў па фактах блякаваньня тэлеграм-каналаў «Желтые сливы» і «Ваши сливы» (дублікат першага).
У беларускім ведамстве, якое заблякавала дзясяткі незалежных рэсурсаў, расцэньваюць гэта як «акт беззаконнай цэнзуры з боку ўладальнікаў лічбавых плятформаў».
«На гэтым фоне адміністрацыі Google і Telegram працягваюць пакідаць без увагі шматлікія факты распаўсюджваньня на асобных каналах недакладнай інфармацыі, а таксама матэрыялаў адкрыта экстрэмісцкага і дэструктыўнага зьместу», — пішуць беларускія чыноўнікі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэта не вайна зь іншай думкай». Як блякавалі «Желтые сливы»Што такое «Желтые сливы»
Тэлеграм-канал «Желтые сливы» быў створаны ў 2020 годзе, напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў. У ім публікаваўся непацьверджаны кампрамат на апазыцыйных кандыдатаў. Канал вядзецца ананімна, імёны яго аўтараў невядомыя.
Зь цягам часу «Желтые сливы» пачалі адкрыта выкарыстоўваць мову варожасьці і нават заклікі саджаць у турму ці зьнішчаць апанэнтаў Аляксандра Лукашэнкі.
У канале амаль штодня публікаваўся кантэнт з гэтак званымі «пакаяльнымі відэа», калі затрыманыя за палітычную актыўнасьць казалі, што памыліліся і больш так рабіць ня будуць. У такіх відэа паказвалі і непаўналетніх.
Праваабаронцы мяркуюць, што падобныя відэа запісваюць з прымяненьнем псыхалягічнага, а магчыма, і фізычнага гвалту, таму іх нельга разглядаць як форму барацьбы з злачыннасьцю.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пасьля публікацыі Радыё Свабода створаныя перад вайной беларускія ТГ-каналы адначасова спынілі працу4 чэрвеня быў выдалены найбуйнейшы тэлеграм-канал, афіліяваны зь дзяржавай, — «Желтые сливы». Ён меў больш за 150 тысяч падпісчыкаў. У хуткім часе стала вядома, што гэта адбылося пасьля звароту праваабаронцаў зь Беларускага Хэльсынскага камітэту.
Зварот да кіраўнікоў Telegram, Apple, Google быў накіраваны 12 траўня. БХК прасіў кампаніі адрэагаваць на парушэньні правоў дзяцей у беларускім сэгмэнце Telegram. Меліся на ўвазе гэтак званыя «пакаяльныя відэа», удзельнікамі якіх выступалі дзеці.
8 чэрвеня, пасьля блякаваньня каналу «Желтые сливы», зьявіўся новы аналягічны тэлеграм-канал — «Ваши сливы», але Тэлеграм заблякаваў і яго празь некалькі гадзін пасьля стварэньня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Каму дасталася спадчына Tut.by? Тлумачэньне мэдыяэкспэрта праз год пасьля разгрому парталу