Генпракурор Украіны расказала, колькі цяпер расьсьледуецца справаў аб здрадзе і калябарацыянізьме

Ірына Венядыктава

З пачатку шырокамаштабнай вайны Расеі супраць Украіны ўжо ўзбуджана больш за 2 тысячы крымінальных вядзеньняў па артыкулах аб дзяржаўнай здрадзе і калябарацыянізьме. Пра гэта ў эфіры агульнанацыянальнага тэлемаратону расказала генэральны пракурор Ірына Венядыктава.

«Больш за тысячу вядзеньняў у нас цяпер па дзяржаўнай здрадзе. Больш за тысячу вядзеньняў па калябарацыйнай дзейнасьці. Што тычыцца дзяржаўнай здрады, то ў нас больш за 250 падазраваных (зь іх, на жаль, 73 — праваахоўнікі). Ёсьць ужо рэальныя прысуды», — паведаміла яна.

Па словах генэральнай пракуроркі, ёсьць таксама вядзеньне па прадстаўніках мясцовай улады і самаабвешчаных службовых асобах.

«Да адказнасьці прыцягваюцца і дэпутаты мясцовых саветаў, і кіраўнікі саветаў, і так званыя кіраўнікі вайскова-цывільных адміністрацый, якія былі самаабвешчаныя. Падчас вайны гэтых пацукоў трэба прыцягваць стражэй за ўсё», — пракамэнтавала Венядыктава.

7 чэрвеня Офіс генэральнага пракурора паведаміў, што справа жыхара Кіеўшчыны, які «здаваў» расейскай арміі ўдзельнікаў украінскай тэрытарыяльнай абароны, ужо накіраваная ў суд.