Радыё Свабода размаўляе з прафэсарам Радославам Калетам, кіраўніком катэдры беларусістыкі Варшаўскага ўнівэрсытэту, якая арганізавала гэтую канфэрэнцыю.
— Згодна з тэхналягічным і эпідэмічным духам нашага часу канфэрэнцыя адбываецца, так сказаць, у гібрыдным фармаце — стацыянарна ў Варшаве і пры дапамозе сувязі онлайн. Якая галоўная мэта ці галоўны тэматычны матыў гэтай канфэрэнцыі?
— Мы арганізавалі канфэрэнцыю, прысьвечаную беларускай мове, літаратуры і культуры, зьвязаўшы яе з 140-годзьдзем клясыкаў беларускай літаратуры, Янкі Купалы і Якуба Коласа. 2022 год — гэта таксама круглая гадавіна з дня сьмерці Янкі Купалы.
Галоўная наша задача на канфэрэнцыі — папулярызацыя культуры Беларусі. У нас будуць тры сэкцыі: мова, літаратура, культура. Мы хочам паказаць Беларусь зь іншага боку, чым паказваюць яе цяпер. Мы ўзялі на сябе нялёгкую задачу, таму што ў публічнай прасторы Беларусь сёньня асацыюецца амаль выключна зь дзьвюма асноўнымі рэчамі: па-першае, з рэжымам Лукашэнкі, а па-другое — з суўдзельніцтвам у нападзе Расеі на Ўкраіну.
У такім мэдыянаратыве вельмі цяжка прабіцца зь іншым вобразам Беларусі, вельмі цяжка папулярызаваць непалітычныя тэмы, зьвязаныя з мовай, культурай і літаратурай.
— Хто ўдзельнічае ў канфэрэнцыі і зь якімі тэмамі? Зразумела, я не хачу, каб вы тут цытавалі ўсю праграму, але ці маглі б зьвярнуць увагу на некаторыя яе пункты?
— Нашу канфэрэнцыю адкрые амбасадар Польшчы ў Беларусі Артур Міхальскі, якога мы папрасілі даць ацэнку польска-беларускім дачыненьням у сфэры культуры зь яго палітычнага і дзяржаўнага пункту погляду.
Сярод запрошаных гасьцей будзе прафэсар Арнольд Макмілін зь Лёндану, выдатны знаўца беларускай літаратуры. Яго даклад будзе на ангельскай мове.
Адным з гасьцей будзе таксама прафэсар Аляксандар Лукашанец зь Менску, які раскажа пра сёньняшняе становішча беларускай мовы.
Будзе, зразумела, таксама сэкцыя, у якой выступяць знаўцы літаратурнай спадчыны Янкі Купалы і Якуба Коласа.
Прафэсар Андрэй Масквін раскажа пра творчы і навуковы даробак прафэсара Аляксандра Баршчэўскага, колішняга кіраўніка катэдры беларусістыкі Варшаўскага ўнівэрсытэту, які памёр у сакавіку.
Свой удзел у канфэрэнцыі анансавала таксама прафэсарка Эльжбета Смулкова, якая некалі кіравала нашай катэдрай і была першым амбасадарам Польшчы ў незалежнай Беларусі.
Можна прыйсьці паслухаць выступоўцаў на катэдры, можна таксама паслухаць іх онлайн.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Беларусы выходзяць з унутранай моўнай эміграцыі», — загадчык катэдры беларусістыкі Варшаўскага ўнівэрсытэту— Наколькі падзеі апошніх двух-трох гадоў у Беларусі і вакол яе ўскладняюць вам кантакты з навукоўцамі адтуль?
— На афіцыйным узроўні польска-беларускія навуковыя кантакты цяпер цалкам замарожаныя. На гэты момант замарозілі ўсе нашы пагадненьні з унівэрсытэтамі ў Беларусі адносна кантактаў і супрацоўніцтва. Няма ніякіх магчымасьцяў ні для ўзаемных паездак, ні для атрыманьня нейкіх фінансавых сродкаў ці грантаў на праграмы абмену і супрацоўніцтва.
Усе мы добра разумеем патрэбу ўсеагульнай дапамогі Ўкраіне ў кантэксьце яе абароны ад расейскага нападу. Ніхто ў Польшчы не сумняваецца, што такую дапамогу і падтрымку трэба аказваць. Але адначасова мы заўважаем адмоўны трэнд, што ў Польшчы як быццам «забылі» пра Беларусь. Забылі пра беларускі ўздым 2020 году, забылі пра дапамогу, якую аказвалі беларускім палітычным уцекачам у 2020–2021 гг., у тым ліку студэнтам і маладым навукоўцам, для якіх былі адмысловыя праграмы ў польскіх навучальных установах. Усё тое цяпер як быццам адсунулася ў цень, усё засланіў стэрэатып, што Беларусь цяпер суагрэсар. І тыя праграмы, якія для беларусаў адкрыліся ў 2020–2021 гг., або ўжо скончыліся, або якраз канчаюцца, а новых ніхто ня піша.
— Скажыце, калі ласка, некалькі словаў пра супрацоўнікаў вашай катэдры — колькі іх у вас, якімі тэмамі яны займаюцца? Я думаю, гэта можа быць цікава, хоць бы таму, што вы адзіная ўнівэрсытэцкая катэдра беларусістыкі па-за межамі Беларусі…
— Так, мы адзіная беларусістыка ў сьвеце на ўзроўні катэдры па-за Беларусьсю. Летась мы адзначылі наша 65-годзьдзе. На катэдры нас цяпер восем чалавек — гэта людзі з Польшчы і Беларусі, у нас таксама працуе адна асоба з Гішпаніі — Анхэля Эсьпіноса Руіс, дасьледніца беларускай літаратуры, якая абараніла доктарскую дысэртацыю ва ўнівэрсытэце ў Мадрыдзе. Анхэля цяпер разам зь іншымі супрацоўнікамі рыхтуе прапанову лекцый на ангельскай мове, каб папулярызаваць беларусістыку на Захадзе. Як думаю, дзякуючы інтэрнэту гэта будзе магчыма.
У нас у прынцыпе дзьве галоўныя сфэры дасьледаваньняў — мовазнаўства і літаратуразнаўства. Абедзьве гэтыя сфэры мы разумеем вельмі шырока. У мовазнаўчую сфэру ўваходзяць гісторыя мовы, дыялекталёгія, анамастыка, сучасныя тэндэнцыі ў разьвіцьці беларускай мовы, навучаньне беларускай мовы як чужой. Літаратуразнаўчыя дасьледаваньні датычаць як літаратуры ХІХ і ХХ стагодзьдзяў, так і найнавейшай.
— Як выглядае справа з наборам студэнтаў на катэдру? Шмат з тых, хто ідзе вучыцца на факультэт прыкладной лінгвістыкі Варшаўскага ўнівэрсытэту, выбірае беларусістыку?
— Цяпер мы назіраем зьмены, што тычыцца паходжаньня студэнтаў, якія да нас паступаюць. Калісьці гэта былі ў пераважнай большасьці прадстаўнікі беларускай нацыянальнай меншасьці з Падляшша. Потым пачалі дамінаваць палякі, якія зусім ня ведалі беларускай мовы, а нават здаралася, што раней ня мелі дачыненьня з кірыліцай. Цяпер маем выразна новы трэнд. Штораз больш беларусаў, якія пакінулі Беларусь, у Польшчы пачынаюць цікавіцца беларускай мовай і культурай — несумненна, пад уплывам «рэвалюцыі годнасьці» 2020 году — ды цікавіцца тым, чаму мы навучаем на нашай катэдры. Цяпер на другой ступені навучаньня — гэта значыць, на магістарскай праграме — у нас выключна студэнты зь Беларусі.
Гэткая сытуацыя матывуе нас увесь час мадыфікаваць праграмы навучаньня. З аднаго боку, мы хочам палякам, якія паступаюць да нас, падаць нестэрэатыпны вобраз Беларусі, яе культуры і гісторыі. З другога боку, імкнемся ўразнастаіць нашу навучальную прапанову для беларусаў, якія прыходзяць да нас з пэўным веданьнем беларускай мовы, каб зацікавіць іх нечым дадатковым. Між іншым, вучачы іх польскай мове, каб аблягчыць палітычным мігрантам адаптацыю ў краіне.
Я баюся, аднак, што з увагі на цяперашнюю палітычную сытуацыю і на чорны мэдыйны вобраз Беларусі польскія студэнты будуць паступаць да нас штораз радзей. Стэрэатыпы тут надта моцныя. Ня выключана, што ў сёлетнім наборы студэнтаў на катэдру большы акцэнт будзе на кандыдатаў зь Беларусі, якія цяпер апынуліся ў Польшчы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Беларусь — не Лукашэнка». Дзьве варшаўскія прафэсаркі прачыталі лекцыю пра беларускую рэвалюцыю— У сувязі з тым, што ваша катэдра знаходзіцца на факультэце прыкладной лінгвістыкі Варшаўскага ўнівэрсытэту, у мяне наступнае пытаньне. Што значыць тэрмін «прыкладная лінгвістыка» ў адносінах да беларусістыкі — куды, так бы мовіць, можна прыкласьці веды і кваліфікацыю беларусіста ў Польшчы?
— На нашай катэдры можна вывучаць ня толькі беларускую мову, але і ангельскую. Ёсьць у нас таксама факультатыўныя заняткі з гішпанскай мовы. Прытым нашы студэнты могуць пакарыстацца таксама агульнаўнівэрсытэцкай прапановай — а яна вельмі багатая, прадметаў ва ўнівэрсытэцкай праграме лінгвістыкі процьма. Ня ўсе з гэтых прадметаў мусяць быць цесна зьвязаныя з Усходняй Эўропай ці канкрэтна зь Беларусьсю, хоць і могуць быць.
Акрамя знаёмства з мовай, мы таксама знаёмім нашых студэнтаў з краінай, нашай суседкай, якая вельмі слаба вядомая — ці, лепш сказаць, стэрэатыпна вядомая — шырэйшай грамадзкасьці.
Раней мы прапаноўвалі паездкі ў Беларусь, цяпер гэта немагчыма. Дык мы прапануем паездкі на Падляшша, падчас якіх студэнты набываюць веды, як практычна праводзіць інтэрвію з прадстаўнікамі беларускай нацыянальнай меншасьці і свае першыя палявыя дасьледаваньні.
У нас студэнты атрымліваюць кваліфікацыю перакладчыкаў зь беларускай і расейскай моваў на польскую і наадварот. Прапануем студэнтам таксама «дыдактычную сьцежку» ў скарочаным варыянце — вучым, як навучыць беларускай мове палякаў і польскай мове беларусаў.
Зразумела, існуе таксама магчымасьць навуковай кар’еры пасьля беларусістыкі — можна падаваць заяўкі на дактарантуру.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Першая ў Гішпаніі. Размова зь беларусісткай і паэткай Анхэляй Эсьпіносай Руіс— Будзеце мець у гэтым годзе выпускнікоў з тытулам магістра?
— Так, будзем. Маем у гэтым годзе нават кандыдата на дактарантуру, гэта Матэвуш Квяткоўскі, ён займаецца дыялектамі Сакольшчыны. Дарэчы, ён выступіць на нашай канфэрэнцыі з дакладам пра гаворку мястэчка Крынкі.
Пакуль што можна сказаць, што сытуацыя са студэнтамі ў нас даволі добрая. Маем студэнтаў на бакаляўрскім узроўні навучаньня, маем студэнтаў на магістарскім узроўні, і маем кандыдата на дактарантуру. Як будзе з наборам студэнтаў у будучыні — паглядзім. Баюся, што ў сувязі зь цяперашняй палітычнай і ваеннай сытуацыяй студэнтаў у нас можа быць менш.
Але робім усё, што ў змогу, каб падтрымаць зацікаўленасьць беларусістыкай. Мы правялі некалькі сустрэч у гэтай сувязі, таксама онлайн. Зьнялі прамацыйны ролік пра нашу катэдру. Якраз сёлета мы перабраліся ў новы, мадэрновы будынак.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Моўнае вымярэньне вайны. Лукашэнка зьнішчае ўсё беларускае, бо інакш расейскія ракеты паляцяць на Дразды