Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі лічыць, што цяпер найбольш складаная ваенная сытуацыя ў Луганскай вобласьці, дзе адбываюцца складаныя баі за Севераданецк і Лісічанск.
«Сытуацыю на Севераданецкім кірунку мы ўтрымліваем. Іх (расейцаў) больш, яны магутнейшыя, аднак у нас ёсьць усе шанцы змагацца на гэтым кірунку», — сказаў Уладзімір Зяленскі на прэсавай канфэрэнцыі для ўкраінскіх сродкаў масавай інфармацыі.
Уладзімір Зяленскі адзначыў, што рашэньне аб адводзе ўкраінскіх войскаў з гэтага кірунку будуць ухвальваць залежна ад сытуацыі, але потым вярнуцца назад будзе значна цяжэй.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жорсткія баі за Севераданецк, зьнішчаны збожжавы тэрмінал у Мікалаеве. 104-ы дзень вайны Расеі супраць УкраіныІнфармацыя ўладаў і журналістаў супярэчлівая
Амэрыканскі Інстытут вывучэньня вайны у сваёй чарговай справаздачы зьвяртае ўвагу на супярэчлівасьць паведамленьняў улады і журналістаў аб кантролі над Севераданецкам. Паводле экспэртаў інстытуту, расейскія войскі, пэўна, захоўваюць кантроль над большай часткай гораду.
У той жа час кіраўнік Луганскай вобласьці Сяргей Гайдай паведамляў, што ўкраінскім сілам удалося адваяваць значную частку Севераданецку і адціснуць расейскія сілы на ўскраіны гораду.
Аднак украінскі ваенны карэспандэнт Юры Бутусаў інфармуе, што ўкраінскае войска кантралюе толькі прамысловую зону заводу «Азот».
Раніцай 7 чэрвеня Сяргей Гайдай паведаміў, што расейцы працягваюць штурмаваць Севераданецк. Паводле яго, украінскае войска адбіла штурм расейцаў у кірунку Новаахтыркі і Воранава — за 25 і 10 кілямэтраў ад Севераданецку адпаведна. З другога боку Севераданецку, у раёне Белагораўкі, працуюць расейскія дывэрсыйна-выведавальныя групы.
«Цягам апошніх сутак адбілі 10 атак ворага, зьнішчылі адзін танк, тры артылерыйскія сыстэмы, дзьве баявыя браняваныя машыны, адзін аўтамабіль і два склады з боепрыпасамі», — напісаў кіраўнік Луганскай вобласьці.
Што гавораць вайсковыя экспэрты
Украінскі вайсковы экспэрт Валер Рабых сьцьвярджае, што Расея сьцягнула ў раён Севераданецку і Лісічанку вялікую колькасьць сілаў, каб выканаць сваю задачу — захапіць усю тэрыторыю Луганскай вобласьці ў яе адміністрацыйных межах да 2014 году.
«У раёне Севераданецку сканцэнтравана вялікая колькасьць войскаў, а таксама дастаткова вялікая колькасьць артылерыйскіх сыстэм. Сталая тактыка арміі акупанта — гэта тактыка выпаленай зямлі. І, перш чым заходзяць вайскоўцы акупантаў, гэтае месца ўзмоцнена апрацоўваюць артылерыйскімі сыстэмамі», — сказаў Валер Рабых.
Паводле яго, Севераданецк зьяўляецца вырашальным рубяжом і для Ўзброеных сіл Украіны.
«Месца для абароны выбралі таксама невыпадкова, таму што пры тых суадносінах артылерыйскіх сыстэм, якое цяпер назіраецца на фронце, дастаткова цяжка трымаць абарону на адкрытай мясцовасьці. Таму даводзіцца лявіраваць і выкарыстоўваць якраз усе асаблівасьці мясцовасьці, дзе ідуць баявыя дзеяньні», — патлумачыў экспэрт.
«Гарадзкія баі як від баявых дзеяньняў зьяўляецца адным з самых складаных відаў бою. І, адпаведна, у гэтай сытуацыі камандаваньне Ўзброеных сіл Украіны ўхваліла рашэньне аб правядзеньні менавіта гарадзкіх баёў, выходзячы з магчымасьцяў сваіх падразьдзяленьняў і ацэнкі апэратыўна-тактычнай абстаноўкі ў рэгіёне. Пры вулічных баях сытуацыя мяняецца дастаткова дынамічна. Наколькі я разумею, Узброеныя сілы Ўкраіны выкарыстоўваюць гэтую практыку, каб нанесьці максымальную шкоду праціўніку і максымальна захаваць жыцьцё абаронцаў Украіны», — патлумачыў вайсковы экспэрт Валер Рабых.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Генштаб Украіны: у Беларусі хочуць павялічыць колькасьць войска амаль удвая — да 80 тысяч ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жорсткія баі за Севераданецк, зьнішчаны збожжавы тэрмінал у Мікалаеве. 104-ы дзень вайны Расеі супраць УкраіныВайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.