Суд Вілейскага раёна абвінаваціў палітвязьня Паўла Кучынскага ў абразах Лукашэнкі, прадстаўніка ўлады, судзьдзі, а таксама ў гвалце альбо пагрозе ўжываньня гвалту ў дачыненьні да супрацоўніка органаў унутраных спраў.
Нягледзячы на тое, што палітзьняволены Кучынскі мае інваліднасьць другой групы, (у яго чацьвёртая стадыя рака) судзьдзя Канстанцін Калядаў прысудзіў яму 5 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму, а таксама пастанавіў выплаціць матэрыяльную кампэнсацыю маральнай шкоды начальніку РАУС Маладзечанскага раёна Вадзіму Прыгару ў памеры 1500 рублёў і памочніку камандзіра ўзвода ППС Маладзечанскага раёна Генадзю Філістовічу 1000 рублёў. Пра вырак паведаміла «Вясна».
Кучынскага абвінавацілі паводле 5 артыкулаў Крымінальнага кодэксу:
- арт. 389 КК (пагроза ў дачыненьні да судзьдзі або народнага засядацеля);
- арт. 369 КК (абраза прадстаўніка ўлады);
- арт. 364 КК (гвалт альбо пагроза ўжываньня гвалту ў дачыненьні да супрацоўніка органаў унутраных спраў);
- ч. 1 арт. 368 КК (абраза прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь);
- арт. 391 КК (абраза судзьдзі або народнага засядацеля).
Паўла Кучынскага затрымалі 26 студзеня 2022 года. Да суду ён знаходзіўся ў сьледчай турме ў Жодзіна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Служыў памежнікам, іграе на афрыканскім барабане. Хто такі Павал Кучынскі, які з чацьвёртай стадыяй раку сядзіць у СІЗА