Дата дня
9 чэрвеня 1881 году нарадзіўся Іван Луцкевіч, палітык і грамадзкі дзеяч, публіцыст, археоляг, ідэоляг беларускага нацыянальна-вызвольнага руху пачатку ХХ стагодзьдзя, брат Антона Луцкевіча.
Таксама ў гэты дзень
1661 — Магілёву нададзены герб.
1815 — завяршыўся Венскі кангрэс, які вызначыў новы эўрапейскі парадак пасьля напалеонаўскіх войнаў.
1898 — Вялікая Брытанія атрымала ад Кітаю тэрыторыю Ганконгу ў арэнду на 99 гадоў.
1919 — на зьезьдзе беларускіх дэлегатаў Віленшчыны і Горадзеншчыны пацьверджаная вернасьць ідэалам незалежнай Беларусі, выказаны поўны давер ураду БНР, створаная Цэнтральная беларуская рада Віленшчыны і Горадзеншчыны.
1929 — у Горадні пачаўся так званы «працэс 75-і» — суд, арганізаваны польскімі ўладамі над дзеячамі заходнебеларускага нацыянальнага руху.
1955 — у Менску адкрылася Дзіцячая чыгунка імя Канстанціна Заслонава.
1960 — заснаваны Цэнтральны дзяржаўны архіў літаратуры і мастацтва Беларусі.
2019 — у Казахстане прайшлі пазачарговыя прэзыдэнцкія выбары, на якіх перамог Касым-Жамарт Такаеў.
У гэты дзень нарадзіліся
1672 — Пётар I, цар маскоўскі, першы імпэратар Расейскай імпэрыі.
1868 — Уладзіслаў Вярыга, беларускі філёзаф, этнограф, фальклярыст.
1895 — Ігнат Дварчанін, беларускі літаратуразнаўца, паэт, публіцыст, грамадзкі дзеяч. Арыштаваны ў 1933 годзе па справе «Беларускага нацыянальнага цэнтру», расстраляны ў 1937 годзе, рэабілітаваны ў 1956-м.
1910 — Віктар Воўчак, беларускі архітэктар. Асноўныя працы ў Менску: будынак аблвыканкаму, Літаратурны музэй Янкі Купалы, жылы дом па вул. К.Маркса. Адзін з аўтараў мэмарыяльнага комплексу «Берасьцейская крэпасьць-герой».
1919 — Ісаак Баляслаўскі, беларускі шахматыст, міжнародны гросмайстар, чэмпіён сьвету і Эўропы ў камандным першынстве.
1958 — Алесь Камоцкі, беларускі паэт і бард.
У памяці
1870 — Чарльз Дыкенс, брытанскі пісьменьнік, журналіст.
1863 — Баляслаў Калышка, адзін з кіраўнікоў антырасейскага паўстаньня, павешаны ў Вільні на Лукіскім пляцы.