Паседжаньне адбываецца ў закрытым рэжыме, піша дзяржаўнае агенцтва БелТА.
Як раней паведамілі ў пракуратуры Менску, Андрэю Аляксандраву і Ірыне Злобінай інкрымінавалі падрыхтоўку з 14 жніўня 2020 году па 12 студзеня 2021 году ня менш як 260 чалавек для «ўдзелу ў групавых дзеяньнях, што груба парушаюць грамадзкі парадак». Яны аплочвалі адміністрацыйныя штрафы, рахункі за харчаваньне ў месцах утрыманьня і адбываньня адміністрацыйных арыштаў, рахункі за паслугі адвакатаў. Таксама іх вінавацяць у сувязях з фондам ByHelp.
Андрэю Аляксандраву, Дзьмітрыю Наважылаву і Ірыне Леўшынай інкрымінавалі таксама стварэньне зь ліку работнікаў ЗАТ «БелаПАН» і іншых асоб групы грамадзян, якая ў 2020-2021 гадах «ажыцьцяўляла экстрэмісцкую дзейнасьць у выглядзе стварэньня і разьмяшчэньня на інтэрнэт-рэсурсах гэтага ЗАТ матэрыялаў з прыкметамі экстрэмізму, а таксама кіраўніцтва такім фармаваньнем».
Акрамя таго, Аляксандраў і Наважылаў абвінавачваюцца ва ўхіленьні ад выплаты ЗАТ «БелаПАН» падаткаў пры спрошчанай сыстэме падаткаабкладаньня за 2015-2020 гады і падаходнага падатку зь фізычных асоб за люты 2015 — красавік 2021 гг. шляхам утойваньня, наўмыснага заніжэньня падатковай базы і ўнясеньня ў падатковыя дэклярацыі (разьлікі) загадзя ілжывых зьвестак. Гэта нібыта прынесла дзяржаве шкоду ў памеры каля Br450 тыс.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Журналісты гуляюць у футбол на мінным полі». Расказваем пра тых, каго судзяць у «справе БелаПАН» ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Не прызнаю сябе вінаватым». Зьняволены журналіст Аляксандраў напісаў ліст з нагоды пачатку суду