Гэта першы за чатыры гады візыт маскоўскага патрыярха ў Беларусь. Лукашэнка падзякаваў Кірылу за візыт, а той, у сваю чаргу, зьвярнуў увагу на геаграфічнае становішча Беларусі.
«Паколькі агульнапалітычны кантэкст у Эўропе сёньня неспакойны, трывожны, а Беларусь якраз знаходзіцца ў памежнай зоне Эўропы, паміж Усходам і Захадам (хоць сама, вядома, належыць Усходу), таму мы не абышлі ўвагай тэму значэньня і месца Беларусі ў сучаснай архітэктуры Эўропы», — сказаў кіраўнік РПЦ па выніках сустрэчы.
Таксама, паводле дзяржаўнага агенцтва БелТА, размова ішла пра «выклікі, зьвязаныя з тэмамі вайны і міру, вялікае месца займала тэма экалёгіі ў шырокім сэнсе гэтага слова». Акрамя таго, Кірыл падзякаваў Лукашэнку за тое, што той мае зь ім «аднадумства».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Калі я кажу „рускі“, то маю на ўвазе і беларусаў, і ўкраінцаў». Патрыярх Кірыл прыляцеў у Беларусь упершыню за апошнія чатыры гадыРаней маскоўскі патрыярх цалкам падтрымаў вайну, разьвязаную Пуціным супраць Украіны. 6 сакавіка ён заявіў, што пачатак ваенных дзеяньняў зьвязаны з тым, што «нейкія сілы» восем гадоў спрабавалі «зьнішчыць тое, што існуе ў Данбасе». «Мы ўступілі ў барацьбу, якая мае не фізычнае, а мэтафізычнае значэньне», — заяўляў Кірыл, крытыкуючы краіны Захаду.
27 красавіка Сабор Украінскай праваслаўнай царквы Маскоўскага патрыярхату прыняў рашэньне аб поўнай незалежнасьці і самастойнасьці УПЦ, выказаўшы нязгоду з пазыцыяй Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла наконт вайны ва Ўкраіне.
Эўразьвяз разглядаў магчымае ўвядзеньне санкцый супраць Кірыла, але Вугоршчына, якая традыцыйна выступае ў хаўрусе з Масквой, настаяла на выключэньні яго са сьпісу індывідуальных санкцый ЭЗ. У выніку ў шосты пакет санкцый, які зацьвердзілі 2 чэрвеня, ён ня трапіў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украіна ўвяла санкцыі супраць патрыярха Кірыла і іншых кіраўнікоў РПЦ за падтрымку вайны