Кіраўнік МЗС Расеі Лаўроў скасаваў візыт у Сэрбію — тры краіны закрылі неба для ягонага самалёта

Сяргей Лаўроў

Паўночная Македонія, Чарнагорыя і Баўгарыя адмовіліся прапускаць самалёт Сяргея Лаўрова праз сваю паветраную прастору.

6-7 чэрвеня міністар замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў плянаваў наведаць Бялград. Кіраўніца ўраду Сэрбіі Ана Брнабіч паведаміла раней, што сытуацыя з прыбыцьцём Лаўрова ў Бялград «надзвычай ускладненая», а ўсёй лягістыкай займаецца прэзыдэнт Сэрбіі Аляксандар Вучыч.

«Сапраўды неверагодна, што сытуацыя ў Эўропе і ў сьвеце такая, што прэзыдэнт адной з краін павінен займацца такімі рэчамі, як лягістыка палёту міністра замежных спраў [іншай краіны], ад чаго залежыць, дабярэцца ён ці не», — пракамэнтавала сытуацыю Брнабіч у этэры сэрбскай тэлевізіі, піша ВВС.

Сэрбія, у адрозьненьне ад большасьці краін Эўропы, падтрымлівае добрыя адносіны з Расеяй пасьля пачатку ваеннага ўварваньня ва Ўкраіну. У канцы траўня прэзыдэнты абедзьвюх дзяржаў дамовіліся аб новым трохгадовым пагадненьні на пастаўкі расейскага газу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сэрбія: тры краіны закрылі неба для самалёта Сяргея Лаўрова

Паўночная Македонія і Чарнагорыя не ўваходзяць у склад ЭЗ, але ўваходзяць у NATO і далучыліся да эўрапейскіх антырасейскіх санкцый.

«Краіны, якія атачаюць Сэрбію, закрылі канал сувязі, не дазволіўшы пралёт рэйсу Сяргея Лаўрова, які накіроўваўся ў Сэрбію. Расейская дэлегацыя павінна была прыбыць у Бялград для правядзеньня перамоваў. Краіны – удзельніцы ЭЗ і NATO закрылі паветраную прастору, закрылі чарговы канал сувязі», — заявіла прадстаўніца МЗС Расеі Марыя Захарава ў эфіры італьянскага тэлеканала La7.

«Здольнасьцю да тэлепартацыі дыпляматыя яшчэ не авалодала», — сказала Інтэрфаксу крыніца ў МЗС Расеі, адказваючы на пытаньне, ці скасаваны візыт Лаўрова.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расея выслала 85 дыпляматаў з краінаў ЭЗ і закрыла бюро канадзкай CBC

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.