Андрэя Мачалава абвінавачваюць паводле ч. 1 арт. 380 (падробка, выраб, выкарыстаньне або збыт падробленых дакумэнтаў, штампаў, пячатак, блянкаў).
Андрэя Мачалава вінавацяць у падробцы адвакацкага пасьведчаньня. Як паведамляла «Вясна», справу ў судзе Ленінскага раёну Менску разглядае судзьдзя Тацяна Шоцік.
Адваката падсуднага Віталя Брагінца 25 траўня асудзілі на 15 дзён арышту за «непадпарадкаваньне міліцыі».
У чэрвені 2021 году Мачалава пазбавілі ліцэнзіі. Ён абараняў палітзьняволеную журналістку Кацярыну Барысевіч і шматдзетную маці Вольгу Залатар.
Міністэрства юстыцыі 14 ліпеня 2021 году разгледзела матэрыялы аб пазбаўленьні ліцэнзіяў адвакатаў Кацярыны Жаўтаногі, Валерыя Зьвягінцава і Андрэя Мачалава (апошняму пра тое, што яго пазбавілі ліцэнзіі, заявілі на судзе яшчэ ў чэрвені).
Згодна з заявай Міністэрства юстыцыі, Мачалава і Зьвягінцава выключылі з калегіі «за правіны, несумяшчальныя са званьнем адваката».
Андрэю Мачалаву пра пазбаўленьне ліцэнзіі паведамілі 18 чэрвеня на судзе, калі ён абараняў Вольгу Сінілёву, якая выселіла пракурорку Касьянчык: судзьдзя абвясьціла, што яго пазбавілі ліцэнзіі яшчэ 30 траўня.
За гэты выпадак яго цяпер і судзяць: нібыта ён трапіў на суд, скарыстаўшыся скасаванай ліцэнзіяй адваката. Мачалаў лічыць, што працэс зацягнуўся, таму што складу злачынства «ў прынцыпе не было».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі новая хваля перасьледу адвакатаў: усьлед за Аляксандрам Данілевічам затрымалі Віталя БрагінцаПерасьлед адвакатаў
13 ліпеня 2021 году старшыня дысцыплінарнай камісіі БРКА Тацяна Ткачонак у апублікаванай на сайце камісіі заяве пракамэнтавала выключэньне 5 адвакатаў з прафэсійнай супольнасьці.
«Было і ёсьць нямала крыўдаў зь іх боку. Сваё стаўленьне да прымененых да іх дысцыплінарных спагнаньняў асобныя — ужо былыя — адвакаты выказвалі публічна, у тым ліку ў сацыяльных сетках і на іншых інтэрнэт-рэсурсах. Іх камэнтары не адпавядалі рэчаіснасьці: скажалася пазыцыя дысцыплінарнай камісіі альбо сытуацыя падавалася неаб’ектыўна ў цэлым», — заявіла Тацяна Ткачонак.
Міністэрства юстыцыі пазбавіла ліцэнзіі шэраг адвакатаў. Сярод іх абаронца Віктара Бабарыкі і Марыі Калесьнікавай Аляксандар Пыльчанка і абаронца Калесьнікавай Людміла Казак, адвакат Сяргей Зікрацкі, які бараніў журналістак «Белсату», Андрэй Барташэвіч, Алена Шынкарэвіч і іншыя.
Менская гарадзкая калегія адвакатаў выключыла са свайго складу абаронцу Віктара Бабарыкі Дзьмітрыя Лаеўскага.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці варта маўчаць пра палітвязьняў? Меркаваньні жонкі палітвязьня, адваката і былога сьледчага