Зяленскі лічыць, што новае ўварваньне зь Беларусі малаверагоднае. 103-і дзень вайны Расеі супраць Украіны

Мужчына перад абстраляным домам у горадзе Лісічанск, 5 чэрвеня 2022

Свабода працягвае сачыць за падзеямі расейскага ўварваньня ва Ўкраіну. Вайна ідзе з 24 лютага, загінулі тысячы цывільных і вайскоўцаў, звыш 6 мільёнаў чалавек сталі ўцекачамі, яшчэ каля 7 мільёнаў хаваюцца ў іншых абласьцях Украіны. Расейскія ракеты і бомбы разбурылі многія аб’екты інфраструктуры.

Галоўнае на гэты момант

  • Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што рызыкі паўторнага ўварваньне расейскіх войскаў зь беларускай тэрыторыі мінімальныя.
  • Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі наведаў фронт на Данбасе.
  • Швэцыя перадасьць Украіне супрацьпяхотныя снайпэрскія вінтоўкі AG 90 і боепрыпасы, а таксама дадатковыя 5 000 швэдзкіх супрацьтанкавых гармат AT4.
  • У Херсонскай вобласьці, паводле дадзеных украінскага Генштабу, расейцы замінавалі бераг ракі Інгулец.
  • Ранкам 5 чэрвеня расейцы ракетамі абстралялі Кіеў, пацярпела адна жанчына.
  • У Данецкай вобласьці з-за расейскага наступу згарэў Усіхсьвяцкі скіт ў Сьвятагорскай лаўры, найбуйнейшы драўляны храм Украіны.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, пакуль немагчымая.

Што адбываецца 6 чэрвеня

Зяленскі наведаў фронт на Данбасе

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі наведаў камандныя пункты і перадавыя пазыцыі ўкраінскіх войскаў у раёне Бахмуту Данецкай вобласьці і Лісічанску Луганскай вобласьці, дзе апошнія некалькі тыдняў адбываюцца найбольш жорсткія баі з расейскай арміяй.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зяленскі наведаў найбольш гарачыя ваенныя пункты на Данбасе: Бахмут, Лісічанск і Саледар. ФОТА

Кіеў: на Слабажанскім кірунку расейцы будуюць пантонна-рэйкавыя пераправы

Зводка ўкраінскага Генштабу гаворыць аб тым, што на Слабажанскім кірунку «праціўнік працягвае агонь па падразьдзяленьнях сіл абароны з артылерыі, рэактыўных сыстэм, мінамётаў і танкаў. У мэтах падтрымкі наступленьня праціўнік інтэнсіўна аднаўляе транспартную інфраструктуру і будуе пантонна-рэйкавыя пераправы цераз рэкі на часова акупаваных тэрыторыях».

З боку Беларусі, як пішуць у Генштабе, істотных зьменаў няма. Расейскія ўзбраеньні застаюцца на пазыцыях уздоўж мяжы.

«Істотных зьменаў у сытуацыі ў Валынскім і Палескім раёнах няма. На тэрыторыі Рэспублікі Беларусь уздоўж Дзяржаўнай мяжы Ўкраіны прысутнічаюць асобныя падразьдзяленьні Ўзброеных сіл Расейскай Фэдэрацыі, якія маюць на ўзбраеньні апэратыўна-тактычныя ракетныя комплексы „Іскандэр-М“, зэнітныя сыстэмы „Панцыр-С1“, зэнітныя ракетныя комплексы С-400 і самалёты апэратыўна-тактычнай авіяцыі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіне загінуў генэрал-маёр расейскай арміі Раман Кутузаў

Працягваюцца баі на Данбасе

Адным з гарачых пунктаў у расейскай вайне на Данбасе стаў Бахмут: тут расейскія войскі прасунуліся ў раней кантраляваныя Кіевам раёны так званай Сьветладарскай дугі і наблізіліся да горада.

Украінскія войскі адбіваюць атакі расейскіх войскаў і спрабуюць дамагчыся кантролю на пануючых вышынях для магчымых манэўраў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як украінскія вайскоўцы стрымліваюць расейскую армію і контратакуюць ля Бахмута на Данбасе. ФОТАРЭПАРТАЖ

Удзел Беларусі ў вайне

Беларусь дазволіла Расеі скарыстаць сваю тэрыторыю для нападаў на Ўкраіну з поўначы; расейцы выкарыстоўваюць беларускія аэрадромы для палётаў і беларускія пляцоўкі для ракетных абстрэлаў гарадоў Украіны. Разам з тым на баку Ўкраіны ў розных злучэньнях ваююць беларусы. Створаны батальён імя Кастуся Каліноўскага, які цяпер рэарганізаваны ў полк.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Генштаб Украіны: у Беларусі застаюцца расейскія войскі, самалёты і ракетныя комплексы

Ад пачатку вайны з тэрыторыі Беларусі па Ўкраіне запусьцілі 61 ракету, — Генштаб Украіны

«З тэрыторыі Беларусі было 1 211 вылетаў авіяцыі — больш за 20% ад агульнай колькасьці — і 61 пуск крылатых ракет тыпу „Іскандэр“ з мэтай паражэньня аб’ектаў крытычнай інфраструктуры Ўкраіны», — паведаміў прадстаўнік Генштабу Аляксей Громаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ад міністраў да прапагандыстаў. Стала вядома, якія санкцыі супраць Беларусі і яе прадстаўнікоў прапануе Ўкраіна

Лукашэнка заснаваў новае апэрацыйнае вайсковае камандаваньне ў Беларусі — паўднёвае

Гэты крок матываваны эскаляцыяй баявых дзеяньняў ва Ўкраіне. Да гэтага часу ў Беларусі былі два апэрацыйныя камандаваньні — паўночнае і паўночна-заходняе.

Украінскі Генштаб: у Беларусі разгарнулі комплексы «Точка-У» і «Смерч»

У Беларусі на асобных палігонах разгарнулі два ракетныя дывізіёны тактычнага ракетнага комплексу «Точка-У» і дывізіён рэактыўнай сыстэмы залпавага агню «Сьмерч», паведаміў Генштаб Узброеных сіл Украіны ў вечаровай зводцы 20 траўня. Пагроза ракетна-бомбавых удараў і артылерыйскіх абстрэлаў з тэрыторыі Беларусі пакуль ня зьнікла.

Беларускае войска ля мяжы з Украінай

Кіраўнік Генэральнага штабу Ўзброеных сіл, першы намесьнік міністра абароны Беларусі Віктар Гулевіч заявіў аб пачатку другога этапу праверкі сіл апэратыўнага рэагаваньня.

Паводле ягоных слоў, у рамках гэтага этапу на Заходні і Паўночна-Заходні апэрацыйныя кірункі рушылі батальённа-тактычныя групы, а для іх узмацненьня — падразьдзяленьні супрацьпаветранай абароны, ракетных войскаў і артылерыі, якія будуць забясьпечваць іхнае баявое функцыянаваньне.

Паводле Гулевіча, падразьдзяленьні сіл спэцыяльных апэрацый разгарнулі на трох тактычных кірунках паўднёвага кірунку (да мяжы з Украінай. — РС).

Як рэагуе сьвет

Швэцыя перадасьць Украіне супрацьпяхотныя снайпэрскія вінтоўкі і гарматы

Швэцыя прадаставіць Украіне супрацьпяхотныя снайпэрскія вінтоўкі AG 90 і боепрыпасы, а таксама дадатковыя 5000 швэдзкіх супрацьтанкавых гармат AT4, паведамляе Army Recognition.

Швэцыя таксама мае намер унесьці 60 млн швэдзкіх крон (6,14 млн даляраў) у фонд, створаны NATO для падтрымкі Ўзброеных сіл Украіны.

Раней Швэцыя пералічыла каля 48 мільёнаў эўра на спэцыяльны рахунак Нацбанку Ўкраіны для Ўзброеных сіл і зьбіраецца ўнесьці ў гэты фонд дадатковыя 55 млн эўра.

«Гэтая падтрымка дапаможа ўзмацніць здольнасьць Украіны змагацца з расейскай агрэсіяй у крытычны момант», — гаворыцца ў заяве.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сэрбія: тры краіны закрылі неба для самалёта Сяргея Лаўрова

Эўразьвяз ухваліў шосты пакет санкцый супраць Расеі за яе напад на Ўкраіну

Эмбарга на расейскую нафту ня будзе поўным, але ахопіць звыш 90% паставак. Патрыярха Кірыла вывелі з санкцыйнага сьпісу на патрабаваньне Вугоршчыны.

У рамках санкцый ЭЗ адключае ад SWIFT беларускі банк.

Кампаніі Hewlett Packard і Karmstrup пакідаюць Беларусь і Расею за вайну супраць Украіны

Hewlett Packard Enterprise заявіла, што канчаткова выходзіць зь Беларусі і Расеі з прычыны вайны ва Ўкраіне. Таксама пакідае рынак дзьвюх краін дацкая кампанія Karmstrup, якая спэцыялізуецца на інтэлектуальным уліку вады і электраэнэргіі. Яна робіць лічыльнікі.

Тайвань забараніў экспарт у Расею і Беларусь чыпаў і мікрасхем

Міністэрства эканомікі Тайваня падрыхтавала сьпіс стратэгічных высокатэхналягічных тавараў, якія забаронены да экспарту ў Расею і Беларусь. Беларусь уключана ў сьпіс, бо яна можа дапамагчы Расеі імпартаваць такія тавары.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.