Андрэя Мачалава абвінавачваюць паводле ч. 1 арт. 380 (падробка, выраб, выкарыстаньне або збыт падробленых дакумэнтаў, штампаў, пячатак, блянкаў).
Як паведамляе «Вясна», справу ў судзе Ленінскага раёну Менску будзе разглядаць судзьдзя Тацяна Шоцік.
Як распавёў сам Андрэй Мачалаў блогу «Отражение», суд над ім павінен прайсьці ў пачатку наступнага тыдня, тым часам ягонага адваката Віталя Брагінца 25 траўня асудзілі на 15 дзён арышту за «непадпарадкаваньне міліцыі».
«Віталь абараняе мяне з самага першага допыту. Ён мусіць выйсьці на волю ўвечары аўторка. А першае паседжаньне па маёй справе будзе ў панядзелак, аб 11-ай раніцы. Адпаведна, я папрашу суд адкласьці працэс. Дзяжурнага адваката мне абавязаныя прызначыць толькі ў тым выпадку, калі мой абаронца ня зможа ўдзельнічаць у справе больш за тры дні», — кажа Мачалаў.
У чэрвені 2021 году Мачалава пазбавілі ліцэнзіі. Мачалаў абараняў палітзьняволеную журналістку Кацярыну Барысевіч і шматдзетную маці Вольгу Залатар.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Топ-10 адвакатаў, пазбаўленых ліцэнзій за палітычныя справы, і каго яны абараняліМіністэрства юстыцыі 14 ліпеня 2021 году разгледзела матэрыялы аб пазбаўленьні ліцэнзіяў адвакатаў Кацярыны Жаўтаногі, Валерыя Зьвягінцава і Андрэя Мачалава (апошняму пра тое, што яго пазбавілі ліцэнзіі, заявілі на судзе яшчэ ў чэрвені).
Згодна з заявай Міністэрства юстыцыі, Андрэя Мачалава і Валерыя Зьвягінцава выключылі з калегіі «за правіны, несумяшчальныя са званьнем адваката».
Андрэю Мачалаву пра пазбаўленьне ліцэнзіі паведамілі 18 чэрвеня на судзе, калі ён абараняў Вольгу Сінілёву, якая выселіла пракурорку Касьянчык: судзьдзя абвясьціла, што яго пазбавілі ліцэнзіі яшчэ 30 траўня.
За гэты выпадак яго цяпер і судзяць: нібыта ён трапіў на суд, скарыстаўшыся скасаванай ліцэнзіяй адваката. Сам ён не затрыманы, знаходзіцца ў Беларусі, ад камэнтароў устрымліваецца.
13 ліпеня 2021 году старшыня дысцыплінарнай камісіі БРКА Тацяна Ткачонак у апублікаванай на сайце камісіі заяве пракамэнтавала выключэньне 5 адвакатаў з прафэсійнай супольнасьці.
«Было і ёсьць нямала крыўдаў зь іх боку. Сваё стаўленьне да прымененых да іх дысцыплінарных спагнаньняў асобныя — ужо былыя — адвакаты выказвалі публічна, у тым ліку ў сацыяльных сетках і на іншых інтэрнэт-рэсурсах. Іх камэнтары не адпавядалі рэчаіснасьці: скажалася пазыцыя дысцыплінарнай камісіі альбо сытуацыя падавалася не аб’ектыўна ў цэлым», — заявіла Тацяна Ткачонак.
Міністэрства юстыцыі пазбавіла ліцэнзіі шэраг адвакатаў. Сярод іх абаронца Віктара Бабарыкі і Марыі Калесьнікавай Аляксандар Пыльчанка і абаронца Калесьнікавай Людміла Казак, адвакат Сяргей Зікрацкі, які бараніў журналістак «Белсату», Андрэй Барташэвіч, Алена Шынкарэвіч і іншыя.
Менская гарадзкая калегія адвакатаў выключыла са свайго складу абаронцу Віктара Бабарыкі Дзьмітрыя Лаеўскага.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Перапіска спынілася зусім і з усімі». Што цяпер адбываецца з палітвязьнямі ў турмах і калёніях