Міністар унутраных спраў Украіны Дзяніс Манастырскі заявіў, што ў выніку расейскага ваеннага ўварваньня ўжо больш як 30 мільёнаў гектараў зямлі ва Ўкраіне патрабуюць разьмінаваньня.
«Цяпер правялі апэратыўнае разьмінаваньне больш як 2,7 млн гектараў. Для параўнаньня — нам трэба апрацаваць яшчэ больш як 30 млн гектараў. Мы залучаем замежныя каманды піратэхнікаў і іхную тэхніку, яны нам дапамагаюць разьміноўваць украінскія тэрыторыі», — сказаў Дзяніс Манастырскі ў эфіры ўсеўкраінскага тэлемаратону #UAРазом.
Паводле яго, цяпер праводзіцца разьмінаваньне Кіеўскай, Сумскай, Чарнігаўскай і Харкаўскай абласьцей.
Міністар унутраных спраў Украіны таксама паведаміў, што за апошні тыдзень на мінах падарваліся 15 грамадзян.
«Наша рэальнасьць мусіць зьмяніцца. Кожны школьнік, кожны працоўны і кожныя маці і бацька мусяць ведаць і навучыць сваіх дзяцей міннай бясьпецы», — падкрэсьліў Дзяніс Манастырскі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Генштаб Украіны: беларускія войскі заміноўваюць памежную з Польшчай і Ўкраінай тэрыторыю Беларусі