ЗША ўводзяць новыя санкцыі супраць РФ

Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн

Адміністрацыя Байдэна ў чацьвер увяла шэраг новых санкцыяў супраць Расеі

У санкцыйны сьпіс трапілі некалькі яхтаў, зьвязаных з прэзыдэнтам РФ Уладзімірам Пуціным, яхтавы брокер і віяланчэліст, які, на думку адміністрацыі, зьяўляецца пасярэднікам расейскага прэзыдэнта.

Пра гэта паведамляе «Голас Амэрыкі».

У сваім сакавіцкім звароце «Аб становішчы справаў у краіне» прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн заявіў, што ЗША будуць дамагацца арышту яхтаў, раскошных кватэраў і прыватных самалётаў багатых расейцаў, якія маюць сувязі з Пуціным.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Байдэн афіцыйна абвясьціў аб новым пакеце вайсковай дапамогі Ўкраіне

Міністэрства фінансаў ЗША вызначыла два судны — яхту Graceful пад расейскім сьцягам і яхту Olympia пад сьцягам Кайманавых выспаў — як уласнасьць, якая можа належаць Пуціну. Расейскі прэзыдэнт, які быў унесены ў санкцыйны сьпіс на наступны дзень пасьля ўварваньня ва Ўкраіну, рабіў шматлікія паездкі на яхтах, у тым ліку летась разам з беларускім лідэрам Аляксандрам Лукашэнкам па Чорным моры, паведамілі ў Мінфіне.

Мінфін таксама выявіў дзьве іншыя яхты, якія, паводле яго зьвестак, выкарыстоўваліся Пуціным і належалі расейскай кампаніі, якая знаходзіцца пад санкцыямі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эўразьвяз ухваліў шосты пакет санкцый супраць Расеі, у тым ліку частковае эмбарга на імпарт нафты. Патрыярха Кірыла вывелі са сьпісу

Патрапіла пад санкцыі і брокерская кампанія Imperial Yachts, якая базуецца ў Манака і якая дазваляе ўладальнікам супэряхтаў, уключаючы расейскіх алігархаў, здаваць свае судны ў чартар, калі яны іх не выкарыстоўваюць, а авіяцыйная кампанія, якая ўдзельнічала ў схеме перадачы самалётаў афшорнай кампаніі, каб пазьбегнуць санкцыяў.

Адміністрацыя Байдэна дадала ў сьпіс асобаў, якія падпадаюць пад санкцыі, Сяргея Ралдугіна, віяланчэліста і дырыжора, які ўжо знаходзіцца пад санкцыямі Эўразьвязу за яго сувязі з Пуціным. Распараджэньне замарозіла яго амэрыканскія актывы і забараніла амэрыканскім асобам мець зь імі справу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Дзярждэпартамэнце ЗША пракамэнтавалі паведамленьні СМІ аб магчымым прыпыненьні санкцый супраць беларускага калію

У сьпісе фігуруе і прэсавая сакратарка МЗС Расеі Марыя Захарава.

Дзярждэпартамэнт таксама ўвёў санкцыі супраць пяці расейскіх алігархаў і прадстаўнікоў эліты краіны, у тым ліку Аляксея Мардашова, яго сваякоў і яго кампаніяў, у тым ліку «Северсталь» і золатаздабывальнай кампанію Nord Gold.

Міністэрства гандлю дадало 71 кампанію ў Расеі і Беларусі ў свой санкцыйны сьпіс, каб абмежаваць доступ расейскіх вайскоўцаў да тэхналёгіяў, паведамляецца ў інфармацыйным бюлетэні Белага дому.