КДБ завяршыў папярэдняе расьсьледаваньне справы «Зянковіча-Фядуты-Кастусёва»

Юрась Зянковіч, Аляксандар Фядута і Рыгор Кастусёў

Сьледчае ўпраўленьне КДБ завяршыла папярэдняе расьсьледаваньне крымінальнай справы аб змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам і іншых злачынствах. Пра гэта паведамляе агенцтва БелТА.

Па крымінальнай справе ў якасьці абвінавачаных прыцягнутыя 5 чалавек.

Юры Зянковіч абвінавачваецца ва ўчыненьні наступных злачынстваў:

  • змова, учыненая з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам,
  • стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня і кіраваньне такім фармаваньнем,
  • публічныя заклікі да захопу дзяржаўнай улады, учыненьне іншых дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь, распаўсюджваньне матэрыялаў, якія зьмяшчаюць такія заклікі, учыненыя з выкарыстаньнем глябальнай кампутарнай сеткі Інтэрнэт,
  • распальваньне сацыяльнай варожасьці і варожасьці па прыкмеце іншай сацыяльнай прыналежнасьці, учыненае групай асобаў.

Аляксандар Фядута і Рыгор Кастусёў абвінавачваюцца ў змове, учыненай з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам.

Вольга Галубовіч і Дзяніс Краўчук абвінавачваюцца ва ўчыненьні злачынстваў, якія прадугледжаныя іншымі артыкуламі КК.

  • актыўны ўдзел у групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак і спалучаюцца зь відавочным непадпарадкаваньнем законным патрабаваньням прадстаўнікоў улады, якія прывялі да парушэньня працы транспарту, прадпрыемстваў, установаў або арганізацый.

Як адзначае БелТА, у іх выпадку адсутнічаюць прыкметы больш цяжкага злачынства. Крымінальная справа пасьля азнаямленьня зь ёю абвінавачаных і іх абаронцаў перададзеная ў Генэральную пракуратуру Беларусі для накіраваньня ў суд.

Затрыманьне Зянковіча, Кастусёва, Фядуты і справа «змоўшчыкаў». Што трэба ведаць

  • У Шклове ўвечары 12 красавіка затрымалі кіраўніка Партыі БНФ Рыгора Кастусёва. Тады было вядома толькі, што ён праходзіць у крымінальнай справе і знаходзіцца ў СІЗА КДБ.
  • Увечары таго ж дня жонка беларускага паліттэхноляга Аляксандра Фядуты паведаміла пра яго зьнікненьне ў Маскве. 13 красавіка КДБ Беларусі паведаміў, што Фядуту затрымалі.
  • У ноч на 14 красавіка стала вядома аб затрыманьні ў Маскве беларускага адваката з ЗША Юрася Зянковіча. Усе яны цяпер у менскім СІЗА КДБ.

Юрась Зянковіч, Аляксандар Фядута, Рыгор Кастусёў (зьлева направа)

  • Увечары 17 красавіка дзяржаўныя СМІ Беларусі паказалі заяву Аляксандра Лукашэнкі, што заходнія спэцслужбы рыхтавалі збройны мяцеж, а таксама замах на яго і на ягоных дзяцей.
  • Лукашэнка абвінаваціў у датычнасьці да падрыхтоўкі замаху затрыманых Зянковіча, Кастусёва і Фядуту.
  • Амаль сынхронна ФСБ Расеі заявіла, што яны сумесна з КДБ Беларусі спынілі меркаваную змову з удзелам Зянковіча і Фядуты, якія нібыта плянавалі 9 траўня «ажыцьцяўленьне вайсковага перавароту ў Беларусі па адпрацаваным сцэнары „каляровых рэвалюцый“ з прыцягненьнем мясцовых і ўкраінскіх нацыяналістаў, а таксама фізычную ліквідацыю Аляксандра Лукашэнкі».
  • У рэпартажы на беларускім дзяржаўным тэлеканале АНТ паказалі фрагмэнт відэаразмовы ў Zoom, у якой, акрамя Зянковіча, Кастусёва і Фядуты, удзельнічалі яшчэ чатыры чалавекі (усе жывуць у ЗША), нібыта ўдзельнікі змовы. У інтэрвію Свабодзе двое зь іх адкінулі абвінавачаньні (тут і тут).
  • Афіцыйныя прадстаўнікі ЗША і Польшчы назвалі абвінавачаньні ўладаў Беларусі і Расеі на свой бок няпраўдай.
  • 21 красавіка Ўладзімір Пуцін заявіў, што краіны Захаду ігнаруюць факты падрыхтоўкі «дзяржаўнага перавароту ў Беларусі» і «плянаваньня забойства» Аляксандра Лукашэнкі. Ён абвінаваціў удзельнікаў «змовы супраць Лукашэнкі» ў падрыхтоўцы масаванай кібэратакі на Беларусь.
  • 22 красавіка стала вядома, што старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў, палітоляг Аляксандар Фядута і юрыст Юры Зянковіч абвінавачаныя ў змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам (ч. 1 арт. 357 Крымінальнага кодэксу).
  • 30 красавіка КДБ назваў імёны дзевяці абвінавачаных. Гэта Аляксандар Фядута, Юры Зянковіч, Рыгор Кастусёў, Вольга Галубовіч, Дзьмітры Шчыгельскі, Аляксандар Перапечка, Павал Кулажанка, Віталь Макаранка, Ігар Макар. Акрамя Фядуты, Зянковіча і Кастусёва, у няволі трымаюць Вольгу Галубовіч.
  • Прысуды ў справе: Юрасю Зянковічу — 11 гадоў калёніі, Аляксандру Фядуту — 10 гадоў, Рыгору Кастусёву — 10 гадоў, Дзянісу Краўчуку — 2,5 года.