Турэччына падорыць украінскаму войску «Байрактар», на які ў Літве сабралі грошы

Бесьпілётнік «Байрактар» Узброеных сіл Украіны

Літва выдаткуе раней сабраныя 5 мільёнаў эўра на боепрыпасы для Bayraktar і гуманітарную дапамогу для Ўкраіны.

31 траўня намесьнік міністра абароны Літвы накіраваўся ў Турэччыну, каб купіць бесьпілётны лятальны апарат «Байрактар», які затым перададуць украінскім вайскоўцам. 5 мільёнаў эўра на куплю бесьпілётніка сабралі ўсяго за тры дні за кошт ахвяраваньняў звычайных людзей.

Аднак сытуацыя памянялася кардынальным чынам. Гэты Bayraktar Турэччына зьбіраецца перадаць украінскаму войску бясплатна.

Пра гэта міністар нацыянальнай абароны Літвы Арвідас Анушаўскас паведаміў у Twitter.


«Гэта неверагодна, але Турэччына толькі што пагадзілася бясплатна перадаць Bayraktar, на які Літва зьбірала сродкі. Бясплатна. На сабраныя сродкі мы набудзем неабходныя боепрыпасы для Bayraktar, і астатнія сродкі таксама пойдуць на падтрымку Ўкраіны. Дзякуй, Турэччына!» — напісаў Анушаўскас.

Такі крок пацьвердзілі ў турэцкай кампаніі Baykar, якая вырабляе «Байрактары».


«Народ Літвы з гонарам сабраў сродкі, каб купіць для Ўкраіны Bayraktar TB2. Даведаўшыся пра гэта, Baykar бясплатна падорыць Літве Bayraktar TB2 і просіць гэтыя сродкі перадаць Украіне на гуманітарную дапамогу», — адзначылі ў кампаніі.

Літоўцы за 3,5 дня сабралі 5 млн эўра на набыцьцё бесьпілётнікаў Bayraktar для ўкраінскіх салдат, якія адбіваюць расейскую агрэсію.

Кампанію збору сродкаў арганізаваў літоўскі журналіст і тэлевядоўца Андрус Тапінас. Нягледзячы на папрокі ў парушэньні журналісцкай этыкі, Тапінас мае намер і далей зьбіраць грошы на зброю для ўкраінскага войска. У інтэрвію Радыё Свабода ён сказаў, што на «Байрактар» для Ўзброеных сіл Украіны скідаліся нават расейцы, хоць большасьць ахвярадаўцаў былі зь Літвы — краіны, якая сама мяжуе з Расеяй і таксама можа стаць аб’ектам расейскай агрэсіі.

«Байрактар» на вайсковым парадзе ў цэнтры Кіева ў Дзень незалежнасьці Ўкраіны, 18 жніўня 2021 году

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Скінуўся нават дом састарэлых». Як літоўцы сабралі на «Байрактар» для Ўкраіны