Орўэл здзівіўся б, за што ў Беларусі адпраўляюць у турму журналістаў. ВІДЭА і цытаты онлайн-брыфінгу

Акцыя салідарнасьці са зьняволенымі журналістамі. Менск, люты 2022

Press Club Belarus ужывую правёў брыфінг аб перасьледзе журналістаў у Беларусі.

Удзельнікі брыфінгу сярод іншага расказалі, як у Беларусі працягваюцца масавыя рэпрэсіі супраць журналістаў і свабоды слова.

Сьпікеры:

  • Ігар Ільяш, муж палітзьняволенай Кацярыны Андрэевай, журналіст,
  • Аляксандар Лукашук, дырэктар беларускай службы Радыё Свабода,
  • Настасься Роўда, дырэктарка выданьня «Наша ніва»,
  • Сяргей Пульша, рэдактар выданьня «Новы час».

«Абвінавачаньне Кацярыны цалкам сталінісцкае па сваім духу»

Ігар Ільяш, муж палітзьняволенай Кацярыны Андрэевай, сам журналіст, расказаў пра новую крымінальную справу супраць ягонай жонкі.

Ігар Ільяш

«Кацярына адчувае сябе больш-менш нармальна, наколькі гэта магчыма ва ўмовах працяглага зьняволеньня. Была поўная нечаканасьць, калі Кацярыну перавялі ў СІЗА.

Мы зразумелі, што гаворка ідзе пра нейкае страшнае абвінавачаньне. І яно такім аказалася. Абвінавачаньне цалкам сталінісцкае па сваім духу».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навіны палітвязьняў: хворую на анкалёгію Дзербыш 15 месяцаў трымалі ў адзіночнай камэры, суд над Андрэевай не прызначылі

«Жыцьці журналістаў мусяць абараняцца, як і жыцьці супрацоўнікаў Чырвонага Крыжа»

Аляксандар Лукашук, дырэктар беларускай службы Радыё Свабода расказаў аб лёсе зньняволеных журналістаў Свабоды і агульнай сытуацыі ў мэдыясфэры

Аляксандар Лукашук

«На гэтым тыдні Ігара Лосіка этапуюць з Гомля ў калёнію. На наступным тыдні мы чакаем новы суд, для нас ён вельмі трывожны. Менавіта ў лістападзе пасьля арышту Андрэя Кузьнечыка Свабоду прызналі „экстрэмісцкім СМІ“. Гэтаму папярэднічаў разгром бюро, 1 180 дзён журналісцкай працы страціла рэдакцыя Свабоды, бо журналісты, пачынаючы з 2020 году, былі за кратамі. Ужо неўзабаве гэтая колькасьць будзе такой жа працяглай, як ІІ сусьветная вайна.

Мы даўно страцілі магчымасьць дасылаць нейкія зьвесткі, якія б даходзілі нашым людзям. У Чэхіі старшыня Сэнату слаў лісты нашым журналістам. Я са словамі „Эўропа не свабодная, пакуль вы за кратамі“ пасылаў паштоўкі з Гібральтару. Але моцна сумняюся, што гэтыя паштоўкі дайшлі да адрасатаў своечасова, і давялося публікаваць іх на сайце.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Журналісты за кратамі: фрылянсэра Свабоды Кузьнечыка перавялі ў СІЗА Магілёва; журналіста Intex-press Ганцарэвіча прызналі палітвязьнем

Даволі складана гаварыць аб тым, што мы можам зрабіць, пакуль яны за кратамі. Ці атрымліваюць незалежныя журналісты заробак? Калі са Свабодай яшчэ прасьцей, то што робіць „Наша ніва“ ці БелаПАН, напрыклад? Якія менш фінансава ўстойлівыя.

Фактычна гэта вайна

Кожным арыштам журналіста незалежных СМІ ўлады наносяць вялікі ўдар па рэдакцыі, па яе здольнасьці даносіць інфармацыю да аўдыторыі. Жыцьці журналістаў мусяць абараняцца, як і жыцьці супрацоўнікаў Чырвонага Крыжа, бо фактычна гэта вайна і кожная страта на гэтай вайне балюча б’е.

Я часта чуў ад заходніх палітыкаў пытаньне пра пакараньне. А рэчаіснасьць у тым, што артыкул ня мае значэньня, за масавыя беспарадкі ці за няправільную аплату камунальных паслуг. Зьнікла фактычна кляса адвакатаў, бо яны цяпер ня могуць сказаць нічога.

Такія арганізацыі, як Freedom House, аказваюць практычную дапамогу. Больш за тое, яны ўплываюць на палітыкаў у сваіх краінах. Былі дзьве тэмы, як эвакуацыя журналістаў з Афганістану і вайна ва Ўкраіне, якія натуральна забіраюць на сябе ўвагу. Але нам важна трымаць і беларускую тэму на парадку дня, расказваць, што адбываецца зь беларускімі журналістамі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зьняволенага журналіста Свабоды Алега Грузьдзіловіча перавялі зь СІЗА ў магілёўскую калёнію. Ён далей аспрэчвае вырак

«Абвінавачаньне, у якім ставяць раскрыцьцё нейкай таямніцы, выглядае абсурдным»

Сяргей Пульша, рэдактар выданьня «Новы час» распавёў пра зьняволеных супрацоўнікаў газэты.

Сяргей Пульша

«Нам вядома, што Аксана Колб абвінавачваецца ў дзеяньнях, якія парушаюць грамадзкі парадак. Але з чым гэта канкрэтна зьвязана, гэта нам невядома. Усе гэтыя моманты мы ня можам высьветліць да суду. І мы ня ведаем, ці будзе суд адкрытым, ці, як звычайна, закрытым. Толькі ад Аксаны Колб сярод супрацоўнікаў «Новага часу» даходзяць лісты, і толькі ад яе мы ведаем, што адбываецца за кратамі. Яна малюе нейкія коміксы, стараецца трымацца.

Мала вядома і пра абвінавачаньні Дзянісу Івашыну. Ён займаўся расьсьледаваньнямі, але браў інфармацыю з адкрытых крыніц. Абвінавачаньне, у якім яму ставяць раскрыцьцё нейкай таямніцы, выглядае абсурдным. Прынамсі для нас.

Ад Міколы Дзядка фактычна не даходзяць лісты, мы нават ня ведаем, якія ў яго ўмовы ўтрыманьня, ці ёсьць на яго ціск. Фактычна гэта інфармацыйная ізаляцыя.

Пра міжнародны ціск

Міжнародны ціск уплывае, але мы яго ня бачым. Нейкія зрухі ўсярэдзіне ўладаў, думаю, адбываюцца. Але важна тое, як салідарнасьць уплывае на нас і на калег, якія там за кратамі. Мы ведаем, што мы не адны, калі пытаньне падымаецца ў міжнародных структурах. Гэта дае сілы прцаваць далей, рабіць, што мы рабілі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Суд над галоўнай рэдактаркай газэты «Новы час» Аксанай Колб прызначылі на 7 чэрвеня

«Улады імкнуцца зьнішчыць журналістыку як прафэсію ў краіне»

Настасься Роўда, дырэктарка выданьня «Наша ніва» распавяла пра сваіх зьняволеных калег, перасьлед і эміграцыю беларускіх журналістаў.

Настасься Роўда

«Навін ад Ягора Марціновіча і Андрэя Скурко вельмі мала, захоўваюцца праблемы зь ліставаньнем. Яны абодва трымаюцца, аднак так ці інакш недахоп сьвежага паветра, малая колькасьць прагулак і іншае адбіваюцца на здароўі. Калі прысуд давалі Кацярыне Андрэевай і Дар'і Чульцовай, мы думалі, што гэта агромністыя тэрміны. Потым быў прысуд Ігару Лосіку — гэта катастрофа.

А цяпер мы бачым, што людзі, якія ўжо адбываюць свае тэрміны, проста не выходзяць з турмаў, бо зьяўляюцца новыя абвінавачаньні. Цяпер экстрэмістамі прызнаюць нават блогераў, улады імкнуцца зьнішчыць журналістыку як прафэсію ў краіне.

На маю думку, прызнаньне нас «экстрэмісцкім фармаваньнем» біла найперш па нашай камандзе журналістаў, а не па аўдыторыі. Каб зрабіць журналістыку ананімнай. На пэўным этапе рэпрэсіі дайшлі да таго, што ўлады самі абясцэнілі свае рашэньні па прызнаньні «экстрэмістамі» розных СМІ. Людзі ўжо стаміліся ад такіх абмежаваньняў, нельга вечна баяцца ўсяго. Цяпер катастрофа ў тым, што героі баяцца адкрываць свае твары, бо калі яны будуць размаўляць з журналістамі «няправільных» СМІ, па іх могуць заўтра прыйсьці.

У Беларусі застаюцца лічаныя журналісты

Прасьцей было б падлічыць, колькі людзей засталося ў Беларусі, а ня колькі выехалі. Рэдакцыі стараліся вывезьці ўсіх супрацоўнікаў. У Беларусі застаюцца лічаныя журналісты, і супрацоўніцтва зь імі цяпер цалкам ананімнае. Праблема ў тым, што многія журналісты цяпер проста кідаюць прафэсію. Ня ўсе могуць пакінуць Беларусь: у кагосьці малалетнія дзеці, хворыя сваякі і іншае. Застаецца спадзявацца толькі на тое, што, калі ў краіне сытуацыя палепшыцца, шмат з тых журналістаў, хто пакуль сышоў, вернуцца ў прафэсію. Міжнародны ціск мае значэньне. Але неабходна трымаць тэму беларускай журналістыкі і рэпрэсій на парадку дня за мяжой. Спадзяёмся, з гэтым ня будуць мірыцца».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Журналістам «Нашай нівы» Андрэю Скурко і Ягору Марціновічу прысудзілі па 2,5 года калёніі

Паводле арганізатараў імпрэзы, у сувязі з вайной ва Ўкраіне перасьлед беларускіх мэдыя ўзмацніўся. Па ўсёй краіне ідуць ператрусы з групамі захопу, затрыманьні з ужываньнем гвалту, выкраданьні, закрытыя суды. Супраць журналістаў выстаўляюць абсурдныя абвінавачаньні: фатаграфаваньне расейскай тэхнікі, кіраваньне экстрэмісцкімі фармаваннямі, здрада дзяржаве.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Затрымалі журналіста Аляксандра Любенчука
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За кратамі, бо журналісты