Нацыянальны тэатар імя Янкі Купалы аб’явіў чарговы, ужо восьмы па ліку, кастынг. Для адбору запрашаюць артыстаў ад 21 да 70 гадоў. Гэта могуць быць прафэсійныя артысты ці студэнты з профільнай адукацыяй. Патрабуецца веданьне беларускай мовы. Гэтыя палажэньні зьявіліся толькі ў лютым, падчас шостага кастынгу.
У жніўні 2020 году купалаўцы публічна асудзілі самавольства і гвалт сілавікоў у дачыненьні да мірных дэманстрантаў, пасьля чаго быў звольнены дырэктар тэатру Павал Латушка. На знак салідарнасьці зь ім Купалаўскі тэатар пакінулі практычна ўсе акторы, рэжысэры, рэдактары, адміністратары, музыкі аркестру, кіраўнік літаратурна-драматургічнай часткі, мастацкі кіраўнік Мікалай Пінігін — звыш 60 чалавек.
Ня маючы сцэны, яны заснавалі незалежную трупу «Купалаўцы» і стварылі 6 арыгінальных спэктакляў. З таго часу купалаўцы выступалі онлайн і здымаліся ў відэапастаноўках.
Кадравыя праблемы ўстанове не ўдаецца вырашыць да гэтага часу. У трупе засталося ўсяго дзевяць актораў са старога складу, у тым ліку Вольга Няфёдава, якая публічна асудзіла былых калег і атрымала прызначэньне на пасаду мастацкага кіраўніка тэатру. Праз кастынгі ў тэатар набіралі новых актораў. Частка — прафэсіяналы, у тым ліку, з тэатраў Бабруйска і Пінска, астатнія — студэнты. Ёсьць у цяперашнім Купалаўскім тэатры і недахоп тэхнічных супрацоўнікаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Два беларускія дзяржаўныя тэатры падчас вайны будуць забаўляць сэпаратыстаў так званай «ЛНР» ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зь віцебскага тэатру звольнілі рэжысэра забароненага раней спэктакля, у якім скандавалі «Жыве Фляндрыя!»