«Скінуўся нават дом састарэлых». Як літоўцы сабралі на «Байрактар» для Ўкраіны

Бесьпілётнік «Байрактар» Узброеных сіл Украіны

31 траўня намесьнік міністра абароны Літвы накіраваўся ў Турэччыну, каб купіць бесьпілётны лятальны апарат «Байрактар», які затым перададуць украінскім вайскоўцам. 5 мільёнаў эўра на куплю бесьпілётніка сабралі ўсяго за тры дні за кошт ахвяраваньняў звычайных людзей.

Кампанію збору сродкаў арганізаваў літоўскі журналіст і тэлевядоўца Андрус Тапінас. Нягледзячы на папрокі ў парушэньні журналісцкай этыкі Тапінас мае намер і далей зьбіраць грошы на зброю для ўкраінскага войска. У інтэрвію Радыё Свабода ён расказаў, што на «Байрактар» для Ўзброеных сіл Украіны скідаліся нават расейцы, хоць большасьць ахвярадаўцаў былі зь Літвы — краіны, якая сама мяжуе з Расеяй і таксама можа стаць аб’ектам расейскай агрэсіі.

— Як у вас узьнікла ідэя сабраць грошы на «Байрактар» для ўкраінскай арміі?

— Я і мая кампанія Laisvės TV (Тэлевізія свабоды), з самага пачатку вайны стараемся дапамагаць Украіне.

Мы зьбіралі грошы на гуманітарную дапамогу, езьдзілі ў Дніпро і Жоўтыя Воды, каб прывезьці ў Літву ўцекачоў, а два тыдні таму на просьбу пасольства Ўкраіны ў Літве сабралі 330 тысяч эўра на куплю двух сучасных дронаў-выведнікаў эстонскай вытворчасьці, прызначаных для карэктаваньня артылерыйскага агню. Мы зрабілі гэта за 16 гадзін.

Тады я сеў і падумаў: можа быць, у жарце, які хадзіў па літоўскім інтэрнэце («А давайце скінемся на танк для Украіны») ёсьць доля праўды? Мы разумелі, што ні я, ні мая кампанія ня можам купляць зброю непасрэдна, так што я зьвярнуўся да міністра абароны Літвы Арвідаса Анушаўскаса, і міністэрства пачало працаваць з паслом Турэччыны, міністэрствам абароны Турэччыны і вытворцам «Байрактараў».

У сераду, 25 траўня, калі яны ўсе далі «зялёнае святло», міністар патэлефанаваў мне і сказаў: «Усё гатова, яны згаджаюцца прадаць нам „Байрактар“, трэба толькі сабраць грошы. Паказвай, на што ты здольны!» Так усё і пакацілася.

— Пяць мільёнаў эўра — гэта цана, якую вам назваў вытворца? Ці ўключае яна ў сябе станцыю кіраваньня, ракеты ці толькі сам бесьпілётнік?

— У сродках масавай інфармацыі сустракаюцца вельмі розныя цэны на «Байрактары» (у 2019 годзе Ўкраіна, паводле дадзеных журналіста Юрыя Бутусава, заключыла кантракт на куплю 12 «Байрактараў» і 3 наземных станцый кіраваньня за 69 мільёнаў даляраў. — РС).

Мы павінны разумець, што яго нельга купіць у супэрмаркеце або на кірмашы. Канкрэтная цана не раскрываецца, гэта лягічна. 31 траўня намесьнік міністра абароны Літвы вылецеў у Турэччыну, 1 і 2 чэрвеня ў яго перамовы з турэцкім бокам, і пасьля іх ён атрымае прапанову, што будзе ўключана ў гэтую суму. Акрамя таго, мы ўжо гаворым не пра 5 мільёнаў, а пра 5 мільёнаў і 800 тысяч эўра, якія мы дадаткова сабралі з пачатку гэтага тыдня.

«Байрактар» на вайсковым парадзе ў цэнтры Кіева ў Дзень незалежнасьці Ўкраіны, 18 жніўня 2021 году

— Чаму вы вырашылі зьбіраць грошы менавіта на «Байрактар», а не на нейкую іншую тэхніку?

— Мы сядзелі зь міністрам і яго намесьнікам і абмяркоўвалі, што можна купіць. Было два прынцыпы. Першы — цана. Нават 5 мільёнаў эўра здаюцца нерэальнай сумай для такой маленькай краіны, як Літва, а ёсьць зброя, якая каштуе ўсе 15, і пачынаць з такой сумы было нерэальна — прынамсі, мы так думалі на мінулым тыдні, цяпер я ўжо так ня думаю.

Другі прынцып: «Байрактары» вырабляе прыватная кампанія, і зь ёй можна дамовіцца аб хуткай пастаўцы, за месяц ці нават хутчэй. Калі б мы хацелі купіць нешта з Ізраілю або Злучаных Штатаў, напрыклад гаўбіцу ці дрон Switchblade, то такія закупы ўжо трэба абмяркоўваць на ўзроўні міждзяржаўных перамоваў. Як сказаў міністар, гэта зойме як мінімум 6 месяцаў.

Урэшце, «Байрактар» здаўся нам найлепшым варыянтам, таму што ён ужо стаў легендай, украінцы складаюць пра яго песьні, ён паказаў сябе на полі бою, зьнішчаючы расейскія танкі і караблі.

— Вам маглі ахвяраваць грошы толькі грамадзяне Літвы ці хто заўгодна?

— Абсалютна любы чалавек. «Дадатковыя» 800 тысяч эўра якраз прыйшлі з-за мяжы, бо некалькі дзён у іх заняў сам перавод з замежных банкаў. Я бачу па прозьвішчах і краінах, што ахвяравалі палякі, чэхі, славакі, датчане, амэрыканцы, канадцы. Я б мог пералічыць больш за 50 краін, але 95% ахвяраваньняў было зь Літвы і, што важна, ахвяраваньні былі невялікія. У нас было толькі адно ці два ахвяраваньні на суму больш за 20 тысяч эўра, а асноўная маса была ад 1 да 100-200 эўра.

Мы яшчэ працягваем лічыць, але ўсяго нам ахвяравалі грошы некалькі соцень тысяч чалавек. Гэта і настаўнікі, і нават дом састарэлых перавёў нам грошы на «Байрактар»; дзеці прасілі сваіх бацькоў узяць іх ашчаджаныя грошы і замест ровара ці кампутарнай гульні дадаць да «Байрактара». Гэта вельмі кранальна.