Кіраўнік італьянскага ўраду Марыё Драгі заявіў, што Ўкраіна не атрымае статус кандыдата ў ЭЗ на саміце Зьвязу (на пасяджэньні Рады ЭЗ) у чэрвені, паведамляе агенцтва ANSA.
«Амаль усе буйныя краіны ЭЗ супраць наданьня Ўкраіне статусу кандыдата ў Зьвяз», — заявіў Драгі на прэсавай канфэрэнцыі пасьля саміту ЭЗ, які завяршыўся сёньня. Ён падкрэсьліў, што Італія займае іншую пазыцыю ў гэтым пытаньні. «Мы можам запытаць статус кандыдата, але цяпер гэта не прадбачыцца з прычыны апазыцыі шэрагу краінаў», — сказаў ён.
Аднак, паводле Драгі, Украіна можа атрымаць магчымасьць прайсьці падрыхтоўку да ўступленьня ў Эўразьвяз «паводле паскоранай працэдуры», якую павінна распрацаваць Эўракамісія.
Сёньня Рада ЭЗ таксама абвясьціла, што прыняла да ведама падрыхтоўку заключэньняў Эўракамісіі па заяўцы на сяброўства ў ЭЗ Украіны, а таксама Малдовы і Грузіі. Рада вернецца да гэтага пытаньня на сваім чэрвеньскім пасяджэньні.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зяленскі перадаў Брусэлю запоўненую анкету для ўступленьня Ўкраіны ў ЭЗ18 красавіка прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі перадаў кіраўніку прадстаўніцтва ЭЗ ва Ўкраіне запоўненую анкету для атрыманьня Ўкраінай статусу кандыдата на ўступ у Эўразьвяз.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: МЗС Францыі: уступленьне Ўкраіны ў Эўразьвяз можа заняць 15-20 гадоў23 траўня дзяржаўны сакратар у эўрапейскіх справах пры Міністэрстве замежных спраў Францыі Клеман Бон заявіў, што ўступленьне Украіны ў ЭЗ можа заняць 15–20 гадоў.