Побач з садам, дзе працаваў Скарына. У Празе пройдзе польска-беларуска-ўкраінскі пікнік

Польскі пікнік, 2021 год

Штогадовы «Польскі дзень» у Празе сёлета пройдзе зь беларускім і ўкраінскім акцэнтам. «Мы блізкія і як ніколі патрэбныя адзін аднаму», — кажуць польскія дыпляматы, якія ладзяць імпрэзу.

«Польскі дзень» праходзіць у чэскай сталіцы з 2017 году ў фармаце грандыёзнага пікніка. Адмыслова дзеля гэтай нагоды пасольства Польшчы раз на год адкрывае маляўнічыя сады Фюрстэнбэрга, дзе яно і разьмешчана. Гэта сады пад самым Праскім Градам, звычайна туды не пускаюць. Адсюль усяго некалькі сотняў мэтраў да каралеўскага саду, дзе 500 гадоў таму працаваў садоўнікам Францішак Скарына.

У гэты дзень у садах польскай амбасады гучыць жывая музыка, адбываецца сьвята ежы, забавы для сем’яў зь дзецьмі, паказы фільмаў у летнім кінатэатры і шмат іншага. Летась мерапрыемства наведалі каля 3 тысяч чалавек, расказвае дырэктар Польскага Інстытуту ў Празе Мацей Ручай.

«Штогод мы запрашаем жыхароў Прагі сустрэцца з польскай культурай, турыстычнымі „разынкамі“, адчуць Польшчу празь яе кухню, польскае піва, каб дакрануцца да нашай краіны і захацець туды пазьней паехаць. Бо калі людзі сустракаюцца непасрэдна, тады значна прасьцей зьнішчаць стэрэатыпы».

Польскія дыпляматы кажуць, што сёлета яны не маглі праігнараваць міжнародную сытуацыю. Таму было вырашана ўшанаваць гераізм украінцаў, якія змагаюцца за сваю краіну, і беларусаў, якія гераічна змагаліся ў 2020 годзе, кажа намесьнік дырэктара Польскага Інстытуту Войцех Бэднарэк.

«У нас узьнікла ідэя, каб падчас прадстаўленьня пражанам польскай культуры паказаць ім таксама беларускую і ўкраінскую культуры. Мы скантактаваліся зь беларускімі творцамі ў Чэхіі і запрасілі іх выступіць на пікніку і прадставіць сваю культуру».

  • Традыцыйныя беларускія сьпевы выканаюць Сьвятлана Судноўская і Дар’я Мугака. Беларускія песьні засьпявае і мясцовая беларуска Яна Баброўская. А браты Андрэй і Раман Шклёды зайграюць на беларускіх народных інструмэнтах.
  • Польскую культуру прадставіць гурт «Buraky» з Уроцлава, які выконвае фольк-музыку, у тым ліку і з усходнеўэрапейскімі матывамі. Таксама выступіць польская вакалістка Ага Твардах, якая прадставіць аўтарскія інтэрпрэтацыі вядомых польскіх гітоў.
  • Апрача музычнай часткі, адбудзецца багатая дзіцячая праграма, падчас якой можна будзе правесьці хімічныя экспэрымэнты, вырабіць уласныя цацкі.
  • Будуць стэнды польскіх рэгіёнаў. Сёлета гэтак прадставяць польскія гарады Лодзь і Ўроцлаў, Ніжнесілескае і Сьвентакшыскае ваяводзтвы, а таксама замак Ксёнж, Цэнтар навукі і мастацтва Stara Kopalnia, Музэй паперы, Уроцлаўскі заапарк, Гідраполіс, Музэй Пана Тадэвуша.

Выстава, прысьвечаная Канстытуцыі 3 траўня, у Празе

Гэта ня першы выпадак, калі Польскі Інстытут супрацоўнічае зь беларускай дыяспарай у Чэхіі. Спачатку гэтаму спрыяла пасярэдніцтва пасольства Літвы, але цяпер адносіны беспасярэднія, кажа Мацей Ручай. Ад пачатку мінулага году арганізавалі больш за дзясятак імпрэзаў з удзелам прадстаўнікоў Беларусі. Адбылася фотавыстава, прысьвечаная Канстытуцыі 3 траўня. Апрача пасольстваў Польшчы і Літвы, у яе арганізацыі ўдзельнічаў Офіс Сьвятланы Ціханоўскай. Перасоўная выстава, якая спачатку прайшла ў Празе, цяпер вандруе па чэскіх гарадах.

Пры ўдзеле Польскага Інстытуту адбыўся паказ фільму беларускага дакумэнталіста Андрэя Куцілы «Калі кветкі не маўчаць» аб пратэстах у 2020 годзе. У студзені ў адным з галоўных праскіх касьцёлаў адбылася імша ў гонар Францішка Скарыны. У ёй удзельнічалі дыпляматы з Польшчы, Літвы, чэскія афіцыйныя асобы і беларусы Чэхіі. Беларускі бел-чырвона-белы сьцяг быў вывешаны падчас імшы побач зь іншымі. Праз тыдзень пасьля суботняга пікніка на тым жа месцы пройдзе фэстываль United Islands, дзе ўкраінскія і беларускія музыкі будуць галоўнымі гасьцямі.

Імша за Францішка Скарыну. Студзень 2022 году, Прага

«Падзеі ў Беларусі і вайна ва Ўкраіне, усе наступствы гэтага, нашмат лепш нам паказалі, што мы блізкія і патрэбныя адзін аднаму. Пра гэта ў Празе гаварыла Сьвятлана Ціханоўская, і паўтарыла пазьней у Сэйме Літвы, што „свабода Ўкраіны і Беларусі непасрэдна зьвязаная зь незалежнасьцю Літвы і Польшчы“. Гэтыя словы адлюстроўваюць і нашае адчуваньне цяперашняй сытуацыі. У Польшчы сёньня жыве вельмі шмат беларускіх і ўкраінскіх эмігрантаў і ўцекачоў, нашых гасьцей. Яны сёньня зьяўляюцца часткай польскага грамадзтва і польскіх гарадоў. Немагчыма паказваць толькі прыгожыя помнікі архітэктуры або роварныя трасы і ігнараваць самыя драматычныя падзеі апошніх гадоў», — кажа Мацей Ручай.

На заявы апошніх дзён зь Менску і Масквы, што Польшча хоча захапіць заходнія часткі і Ўкраіны, і Беларусі, дырэктар Польскага інстытуту ўсьміхаецца і нагадвае, што на рэклямным плякаце пікніка прысутнічаюць тры сьцягі: бела-чырвоны, бел-чырвона-белы і блакітна-жоўты.

«Апошнія гады, у тым ліку і ў дзейнасьці нашага інстытуту ў Празе, мы моцна адчуваем супольнасьць лёсаў паміж нашымі грамадзтвамі. І яна ўзмацняецца. Мы лепш разумеем нашыя супольныя карані, агульныя пэрыяды нашай гісторыі. І гэтая сувязь нас адрозьнівае ад „усходняга суседа“, які ня можа нават уявіць, што можна супрацоўнічаць без адносін на ўзор „гаспадар і служка“ ці „гаспадар і раб“. Можна супрацоўнічаць як роўны з роўным, можна жадаць свабоды ня толькі сабе, але і іншым. І наш інстытут, які займаецца пашырэньнем польскай культуры ў Чэхіі, у апошнія гады больш думае пра гэта».

«Я быў ва Ўкраіне, Расеі, Беларусі, вучыўся ў Нямеччыне. У кожнай з гэтых краін мне не хапіла проста пабываць, я хацеў зь імі пазнаёміцца. І культура — найлепшы спосаб. Я ўвогуле лічу, што зацікавіцца нейкай краінай без культурнага кампанэнта немагчыма», — дадае Войцех Бэднарэк.

Сядзіба Польскага Інстытуту ў Празе — усяго за некалькіх дзясяткаў мэтраў ад месца, дзе ў XVI стагодзьдзі Францішак Скарына выдаў першую кнігу па-беларуску. Як расказалі польскія дыпляматы, неўзабаве там плянуюць усталяваць памятную шыльду, на якой мае быць і беларуская мова