31 траўня Лукашэнка ўзнагародзіў супрацоўнікаў КДБ нібыта за сакавіцкую апэрацыю па вывазе беларускіх грамадзян з украінскай тэрыторыі, ахопленай вайной. Вядома, што тады два беларускія дальнабойнікі загінулі пры абстрэле Жытоміршчыны расейцамі з самалётаў, якія выляталі з тэрыторыі Беларусі.
«Некалькі дзясяткаў людзей засталіся там, проста скажам, закладнікамі сытуацыі. І іх трэба было вяртаць дадому, у сем’і. На жаль, па-мойму, двум чалавекам так і не ўдалося вярнуцца дадому. Яны проста нахабна былі забітыя ўкраінцамі. Прыйдзе час, мы разьбяромся і зь імі».
Выпадак з гібельлю беларускіх дальнабойнікаў сапраўды быў у сакавіку, аднак яны загінулі пры расейскім абстрэле гораду Корасьцень Жытомірскай вобласьці. Раніцай 11 сакавіка памёр 38-гадовы Дзьмітры Шылец — беларускі кіроўца, які пацярпеў падчас авіяўдару па ўкраінскім горадзе Корасьцень. Да гэтага ён быў у рэанімацыі. Другі беларус, 34-гадовы Іван Рогаў, загінуў 10 сакавіка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Памерлі два беларусы-дальнабойнікі, якія трапілі пад расейскі абстрэл гораду Корасьценя на ЖытоміршчынеРогаў і Шылец былі сябрамі. Пры абстрэле расейскімі ракетамі яны атрымалі моцныя апёкі і памерлі ў рэанімацыі. Мэр Корасьценя тады сказаў, што расейскія самалёты адправіліся на бамбаваньне Корасьценя акурат з тэрыторыі Беларусі.
Раней Лукашэнка падтрымаў расейскую збройную агрэсію супраць Украіны. Беларуская тэрыторыя выкарыстоўвалася расейскімі войскамі для наступу на поўдзень, перафармаваньня і разьмяшчэньня войскаў. Параненых расейскіх вайскоўцаў прывозілі ня толькі на іх радзіму, але і ў беларускія шпіталі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сваякі ня могуць пакуль забраць целы беларускіх дальнабойшчыкаў, якія загінулі пасьля ракетнага абстрэлу ў КорасьценіЗ прычыны вайны, разьвязанай Расеяй, ратавацца вымушаныя былі і тысячы беларусаў, якія жывуць ва Ўкраіне. За падтрымку вайны супраць Рэспублікі Беларусь краіны Захаду ўвялі шэраг новых санкцый, якія дапоўнілі ранейшыя санкцыі, уведзеныя ў 2020-м за палітычныя рэпрэсіі рэжыму Лукашэнкі супраць грамадзян.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прадстаўнік МУС Украіны: «Ня трэба гадаць, ці ўступіць Лукашэнка ў вайну. Ён ужо ўступіў»Санкцыі супраць Беларусі за падтрымку расейскай вайны ва Ўкраіне
Аляксандар Лукашэнка прызнаў, што зь Беларусі па ўкраінскай тэрыторыі стралялі ракетамі. Пры гэтым беларускіх вайскоўцаў на ўкраінскую тэрыторыю не адправілі.
Амбасадарка ЗША ў Беларусі Джулі Фішэр у інтэрвію Свабодзе заявіла, што «рэжым Лукашэнкі — саўдзельнік цяперашняга ўварваньня Расеі ва Ўкраіну, бо дазволіў Расеі зрабіць напад зь беларускай тэрыторыі».
26 лютага санкцыі супраць Расеі і Беларусі абвясьцілі Канада і Рада Эўразьвязу. У сьпіс трапілі 20 беларускіх чыноўнікаў і вайскоўцаў. 15 юрыдычных і 8 фізычных асобаў трапілі ў санкцыйны сьпіс ЗША.
28 лютага амбасадары краін Эўразьвязу ўвялі візавыя санкцыі ў дачыненьні 22 беларускіх высокапастаўленых асобаў.
Маладачанская фабрыка «МэбеЛайн» пайшла ў прастой, бо швэдзкая кампанія IKEA згарнула бізнэс у краіне. IKEA шчыльна супрацоўнічала яшчэ з цэлым шэрагам вытворцаў і фабрык, у тым ліку дзяржаўных. Сярод іх дзяржаўны «Менскі мэблевы цэнтар» з Маладэчна, магілёўскі вытворца тэкстылю «Магатэкс», менскі гадзіньнікавы завод «Луч» і іншыя.
У сакавіку Эўразьвяз забараніў экспартаваць прадукцыю дрэваапрацоўкі, вырабленую ў Беларусі ці экспартаваную зь яе. Міністэрства лясной гаспадаркі заявіла, што вымушана скіраваць прадукцыю з Эўропы ў Азію.
Празь цяжкасьці вядзеньня бізнэсу ў рэгіёне ня дзейнічаюць у краіне сэрвісы пошуку жытла на час падарожжаў і выправаў Booking.com і Airbnb.
Дацкая транпартна-лягістычная кампанія Maersk заявіла аб спыненьні перавозак грузаў у Беларусь 4 сакавіка. Пры сыход зь беларускага рынку паведамілі іншыя кампаніі падобнага профілю — DHL і FedEx.
5 сакавіка фінская кампанія OLVI паведаміла пра пачатак згортваньня свайго бізнэсу ў Беларусі, дзе кампаніі належыць «Лідзкае піва». 840 супрацоўнікаў заводу пакуль будуць атрымліваць заробак, спыненьне бізнэсу будзе паступовым.
6 сакавіка наклала санкцыі Рэспубліка Карэя. Там увялі меры экспартнага кантролю для Беларусі, мяркуючы, што яна «істотна спрыяе ўварваньню Расеі ва Ўкраіну».
8 сакавіка санкцыі ўвяла Японія. Актывы фізычных і юрыдычных асобаў, якія трапілі пад новыя абмежаваньні, замарожваюцца. Забараняюцца пастаўкі тавараў двайнога прызначэньня ў Беларусь і экспарт у адрас Міністэрства абароны Беларусі і «Інтэгралу».
Сусьветны банк спыніў усе праграмы ў Беларусі. Банк адзначыў, што ён не ўхваляў новых крэдытаў Беларусі з 2020 году.
Абмежаваньні закранулі спартовую галіну. Зборныя Беларусі розных узростаў адхілілі ад удзелу ў міжнародных турніраў у хакеі, гандболе і баскетболе. Беларускую зборную не дапусьцілі да Паралімпійскіх гульняў — 2022.
Рэйтынгавае агенцтва Fitch, зважаючы на санкцыі, панізіла доўгатэрміновы сувэрэнны крэдытны рэйтынг Беларусі да ССС, што азначае рэальную магчымасьць дэфолту.
Амэрыканская фінансавая кампанія American Express прыпыніла аказаньне паслуг у краіне. Па яе картках цяпер немагчымыя ніякія апэрацыі.
9 сакавіка Эўразьвяз ухваліў адключэньне ад SWIFT трох беларускіх банкаў. Гэта «Белаграпрамбанк», банк «Дабрабыт» і Банк разьвіцьця.
16 красавіка ўведзена поўная забарона на перасячэньне грузавым транспартам Беларусі і Расеі мяжы з ЭЗ. У рашэньні Эўразьвязу, якое апублікавана ў афіцыйным часопісе, сказана, што ЭЗ у адпаведнасьці з уведзенымі санкцыямі забараняе ўвоз і транзыт грузаў аўтатранспартам зь Беларусі і Расеі на тэрыторыю Эўразьвязу.
22 лістапада Канада пашырыла ранейшыя санкцыі. У сьпісы ўключылі дадаткова 22 беларускіх чыноўнікаў, а таксама 16 беларускіх кампаніяў, зьвязаных з ВПК, машынабудаваньнем, фінансавым сэктарам і чыгуначным транспартам. Сярод падсанкцыйных асобаў апынуліся адказныя за перавозкі расейскіх вайскоўцаў і тэхнікі, якая выкарыстоўвалася для ўварваньня ва Ўкраіну. У сьпісе кампаніяў, якія трапілі пад санкцыі, апынуліся беларускія Альфа-Банк і МТБанк. У красавіку 2023 у сьпіс дадалі яшчэ 9 беларускіх банкаў.
28 студзеня 2023 году прэзыдэнт Украіны ўвёў у дзеяньне рашэньне Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны аб санкцыях супраць 185 юрыдычных і фізычных асоб, якіх Расея выкарыстоўвае для перавозкі па чыгунцы асабовага складу і вайсковай тэхнікі. У сьпіс трапілі «Беларуськалій», Гомельскі хімічны завод, «Беларуская чыгунка», «Белінтэртранс», «Грузавая служба-Захад», «Лякафарба», «Белгазпрамбанк», «ПЛМ-Інавацыі», «Кронаспан ОСБ», «Беллесэкспарт», «Супрацоўніцтва Транс-Агра», «Рэал-Агент», «Прамагралізінг», «АСБЛізінг», «Транзыт-Аўта-2003», «Ізатэрмічная лягістыка», «Омск-Карбон Магілёў» і іншыя.
20 ліпеня Аўстралія ўнесла ў санкцыйныя сьпісы высокапастаўленых вайскоўцаў Беларусі.