Двух расейскіх вайскоўцаў ва Ўкраіне асудзілі на 11,5 года калёніі

Аляксандр Бабыкін і Аляксандар Іваноў на судзе ва Ўкраіне, 26 траўня 2022

Суд Кацялеўскага раёну Палтаўскай вобласьці асудзіў на 11 гадоў і 6 месяцаў пазбаўленьня волі двух палонных расейскіх вайскоўцаў. Іх прызналі вінаватымі ў абстрэле цывільных аб’ектаў у Харкаўскай вобласьці ў першы дзень расейскага ўварваньня ва Ўкраіну 24 лютага.

Для кантрактнікаў Аляксандра Бабыкіна і Аляксандра Іванова пракуратура запатрабавала 12 гадоў пазбаўленьня волі. Гэта максымальны тэрмін паводле артыкулу аб парушэньні законаў і звычаяў вайны, на падставе якога іх судзілі. Абодва расейцы прызналі віну.

Прысуд яшчэ можна абскардзіць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Бі-Бі-Сі: Пацьверджаны сьмерці 3 052 расейскіх вайскоўцаў ва Ўкраіне, але рэальная лічба вышэйшая

Паводле вэрсіі сьледзтва, 24 лютага Бабыкін і Іваноў удзельнічалі ў двух абстрэлах у Харкаўскай вобласьці: зь вёскі Малінаўка Белгародзкай вобласьці Расеі і з тэрыторыі Ўкраіны. У пракуратуры лічаць, што ў выніку іх дзеяньняў былі зьнішчаныя жылыя дамы ў вёсцы Казачая Лопань і вэтэрынарны ліцэй у вёсцы Вэтэрынарнае.

«Я цалкам вінаваты ў злачынствах, у якіх мяне абвінавачваюць. Мы абстралялі Ўкраіну з Расеі», — сказаў Бабыкін, кіроўца баявой машыны «Град». Наводчык «Граду» Іваноў заявіў, што раскайваецца, і папрасіў не прызначаць яму максымальнага тэрміну.

Адвакат абвінавачаных таксама прасіў суд аб паблажлівасьці, сьцьвярджаючы, што вайскоўцы выканалі загад і раскаяліся.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіне вынесьлі першы вырак расейскаму салдату: пажыцьцёвае зьняволеньне за забойства цывільнага

Як паведамілі ў пракуратуры, асобы камандзіраў, якія аддавалі загады, у цяперашні час высьвятляюцца.

Суд пастанавіў, што вайскоўцы мелі магчымасьць не падпарадкавацца загаду. Бабыкін і Іваноў у судзе заявілі, што не разумелі, дзе страляюць. Паводле іх словаў, толькі падчас сьледзтва яны высьветлілі, што снарады трапілі на тэрыторыю Харкаўскай вобласьці. Пры гэтым, па словах Іванова, некаторыя яго калегі адмовіліся выконваць загад.

Гэта другая справа супраць расейскіх вайскоўцаў у вайне ва Ўкраіне. 23 траўня 21-гадовы расейскі сяржант Вадзім Шышымарын быў асуджаны на пажыцьцёвае зьняволеньне за забойства мірнага жыхара ў Сумскай вобласьці. Шышымарын цалкам прызнаў сваю віну.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Баі за Севераданецк, контратакі ў Херсонскай вобласьці, ракетны ўдар па Славянску. 97-ы дзень вайны Расеі супраць Украіны

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.