Эўразьвяз узгадніў шосты пакет санкцый супраць Расеі, у тым ліку частковае эмбарга на імпарт нафты

Ілюстрацыя

Эмбарга на расейскую нафту ня будзе поўным, але ахопіць звыш каля 90% паставак.

Кіраўнік Эўрапейскай Рады Шарль Мішэль паведаміў, што Эўразьвяз дамовіўся ўвесьці шосты пакет санкцый супраць Расеі. Дыскусіі вакол новых абмежавальных захадаў у дачыненьні Крамля вяліся месяц, і прыняцьце пакету было пад пагрозай.

Шосты пакет гэта:

  • частковае эмбарга на пастаўкі расейскай нафты (больш за 2/3 паставак);
  • адключэньне «Сбербанку» ад SWIFT;
  • забарона трох расейскіх дзяржаўных мэдыя;
  • пашырэньне пэрсанальных санкцый за падтрымку вайны супраць Украіны.

На думку Шарля Мішэля, гэт максымальны ціск на Расею, каб спыніць вайну.

Старшыня Эўракамісіі Урсуля фон дэр Ляен заявіла, што да канца году, што да канца 2022 году эмбарга ахопіць амаль 90% паставак расейскай нафты ў Эўропу. Рада Эўропы мае канчаткова зацьвердзіць такую забарону.

Яна патлумачыла, чаму Шарль Мішэль сказаў пра 2/3 расейскай нафты, а яна пра амаль 90%, піша Deutsche Welle.

«2/3 расейскай нафты пастаўляюць у Эўразьвяз танкерамі. Эмбарга ўвядуць менавіта на гэтыя пастаўкі. Астатняе пастаўляюць па нафтаправодзе „Дружба“. Яго паўночная галіна ідзе ў Польшчу і Нямеччыну. Гэтыя краіны ў аднабаковым парадку абавязаліся адмовіцца ад нафты з РФ. Разам зь іх доляй эмбарга пакрые 90%».

Астатнія 10 ці 11% ідуць па паўднёвай галіне «Дружбы» ў Вугоршчыну, Славаччыну і Чэхію, для якіх зрабілі выключэньні праз асаблівую залежнасьць ад расейскіх энэрганосьбітаў. Для Вугоршчыны, напрыклад, трэба павялічыць прапускную здольнасьць нафтаправоду Adria, які ідзе ў гэтую краіну з Харватыі.

«Час, які патрабуецца для павелічэньня магутнасьці, складае прыблізна ад 45 да 60 дзён. Гэта разумныя тэрміны. І гэта патрабуе пэўных інвэстыцый», — адзначыла фон дэр Ляен.

Прэм’ер-міністар Вугоршчыны Віктар Орбан перад тым, як пагадзіцца на новыя меры з іншымі краінамі ЭЗ, папрасіў гарантый, што ў выпадку аварыі на паўднёвай галіне «Дружбы», што ідзе па тэрыторыі Ўкраіны, Вугоршчына зможа атрымліваць расейскую нафту з іншх крыніц.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эрдаган прапанаваў Пуціну правесьці перамовы Расеі, Украіны і ААН
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Нідэрлянды ня будуць плаціць Расеі за газ у рублях, пастаўкі спыняцца 31 траўня