Кнігу пра Ціханоўскую, Калесьнікаву і Цапкалу намінавалі на прэстыжную нямецкую прэмію

Вераніка Цапкала, Сьвятлана Ціханоўская, Марыя Калесьнікава

Сярод прэтэндэнтаў на заснаваную нямецкімі кнігагандлярамі прэстыжную прэмію ў галіне навукова-папулярнай літаратуры — Deutscher Sachbuch Preis — апынулася кніга аб пратэстах 2020 году ў Беларусі.

Deutsche Welle паведамляе, што на гэтую прэмію намінавалі кнігу Аліс Бота (Alice Bota) «Die Frauen von Belarus. Von Revolution, Mut und dem Drang nach Freiheit» («Жанчыны Беларусі. Аб рэвалюцыі, мужнасьці і імкненьні да свабоды»), якая зьявілася ў бэрлінскім выдавецтве Piper. Аўтарка, журналістка газэты Die Zeit, расказвае пра трох беларусак, якія сталі тварамі пратэстаў 2020 году: Марыю Калесьнікаву, Сьвятлану Ціханоўскую і Вераніку Цапкалу.

Бота характарызуе сваю кнігу як гісторыю аб прарыве і жаночым самасьцьвярджэньні. «Тры жанчыны прывялі ў рух тое, што немагчыма адвярнуць нават з дапамогай самага жорсткага дзяржаўнага гвалту», падкрэсьлівае журналістка. Акрамя таго, кніга закранае праблему беларускай мовы, да якой многія прадстаўнікі ўладаў Беларусі ставяцца грэбліва, адзначае Deutsche Welle.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Калесьнікавай, Ціханоўскай і Цапкале ўручылі прэмію імя Карла Вялікага. ФОТА, ВІДЭА