Як паведамляе аб'яднаная прэс-служба судоў горада, пратакол вырашылі вярнуць у паліцыю, бо ў ім «адсутнічае ўказаньне на тое, у чым менавіта выказаліся публічныя заклікі да перашкоды выкарыстаньня Узброеных сіл Расеі ў мэтах абароны інтарэсаў Расеі і яе грамадзян».
Пратакол на музыканта склалі 18 траўня ва Ўфе пасьля яго выказваньняў пра вайну падчас канцэрту. Пра гэта паведаміў прадусар Радмір Усаеў.
Паводле яго, адразу пасьля канцэрту за заслону «праніклі сілавікі», ізалявалі Юрыя Шаўчука ад групы, выставіўшы на ўваходзе ў грымёрку двух супрацоўнікаў у форме спэцназу, і цягам гадзіны вялі гутарку «па факце мінулага канцэрту, яго накіраванасьці і выказваньняў Шаўчука на прадмет вайны і Радзімы».
Паліцыянты спачатку хацелі затрымаць Шаўчука, але потым проста далі яму на подпіс пратакол і зьехалі. 18 траўня ў сацсетках зьявілася відэа з канцэрту «ДДТ», на якім Шаўчук сказаў: «Радзіма, сябры, гэта не ж*па прэзыдэнта, якую трэба ўвесь час мусоліць, цалаваць. Радзіма — гэта бабка-жабрачка на вакзале, якая прадае бульбу. Вось гэта радзіма», — сказаў Шаўчук.
У красавіку ў Цюмені быў адменены канцэрт «ДДТ». Шаўчук тады выказаў думку, што гэта магло быць зьвязана з адмовай гурту выступаць у зале зь літарай Z, якая стала сымбалем падтрымкі расейскага ўварваньня ва Ўкраіну.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На расейскага рокера Шаўчука склалі пратакол за ягоныя словы пра радзіму і «ж*пу президента»