Мінабароны Вялікай Брытаніі: у Расеі вялізныя страты сярод афіцэраў, што вядзе да зьніжэньня эфэктыўнасьці і баявога духу

Падбіты расейскі танк ля Харкава

Расейскія войскі зазналі «велізарныя страты» сярод афіцэраў малодшага і сярэдняга зьвяна падчас вайны супраць Украіны, гаворыцца ў штодзённай зводцы Міністэрства абароны Вялікай Брытаніі.

На думку брытанскай вайсковай выведкі, сярод прычын гэтага — той факт, што камандзіры батальёнаў і брыгад з прычыны высокай асабістай адказнасьці за вынік адпраўляюцца на перадавую, а малодшыя афіцэры, у сваю чаргу, вымушаныя асабіста кіраваць тактычнымі дзеяньнямі на ніжэйшым узроўні празь недахоп добра навучаных і надзеленых паўнамоцтвамі вайскоўцаў сяржанцкага складу, якія выконваюць гэтую ролю ў заходніх войсках.

Празь недахоп афіцэраў, як лічаць аўтары зводкі, зьнізіцца эфэктыўнасьць новых батальённа-тактычных груп, якія зьбіраюць з вайскоўцаў разгромленых падчас баёў падразьдзяленьняў.

У справаздачы таксама згадваюцца «шматлікія паведамленьні, якія выклікаюць давер», аб лякальных мяцяжах сярод расейскіх вайскоўцаў. Як сьцьвярджаюць брытанскія вайскоўцы, у гэтых умовах нястача афіцэраў будзе садзейнічаць далейшаму пагаршэньню дысцыпліны і баявога духу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Марыюпалі расейцы звозяць целы забітых жыхароў ва ўнівэрсам; у Севераданецку баі ўжо на вуліцах. 96-ы дзень вайны Расеі супраць Украіны