Працяг палітычнага перасьледу: новыя затрыманьні і ціск на палітвязьняў

Палітвязень Яўген Харашкевіч з жонкай

У Беларусі зафіксаваныя новыя затрыманьні па палітычных матывах, паведамляе BPN са спасылкай на праваабарончы цэнтар «Вясна».

У Баранавічах супрацоўнікі ГУБАЗіК затрымалі інжынэра-тэхноляга, імя якога не называецца. Інфармацыя аб гэтым зьявілася на праўладных тэлеграм-каналах. Сьцьвярджаецца, што 36-гадовы мужчына затрыманы за камэнтар аб супрацоўніцы менскага АМАПу, напісаны год таму.

Акрамя таго, напярэдадні ў Магілёве затрымалі жыхарку Гомеля маці шасьці дзяцей Вольгу Елісееву. Жанчына пасьпела паведаміць мужу аб затрыманьні і парушэньні яе правоў. Паводле інфармацыі «Гомельскай Вясны», Елісееву затрымалі на 72 гадзіны за ўдзел у сьвяце «паганскага баявога карагоду».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 17 верасьня. На вынясеньні прысуду бацька пабачыў фота дачкі, якая нарадзілася, пакуль ён быў у СІЗА

Праваабаронцы таксама паведамілі, што адміністрацыя шклоўскай калёніі № 17 некалькі месяцаў цісьне на палітвязьня Яўгена Харашкевіча. Адзначаецца, што нядаўна яго двойчы за месяц накіроўвалі ў штрафны ізалятар на 10 сутак, а таксама пазбавілі кароткатэрміновага спатканьня. Цяпер палітвязьня пазбавілі працяглага спатканьня і скарацілі суму, на якую ён можа набываць тавары, зь пяці да дзьвюх базавых велічыняў за месяц. Апошнія тры месяцы яму перадаюць лісты толькі ад сваякоў.

Харашкевіча затрымалі 18 студзеня 2021 году ў Наваполацку. Яго абвінавацілі паводле ч. 1 арт. 130 (распальваньне варожасьці), ч. 1 арт. 342 (арганізацыя групавых дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, або актыўны ўдзел у іх) і арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады) Крымінальнага кодэксу.

16 верасьня 2021 году Віцебскі абласны суд прысудзіў палітвязьню чатыры гады калёніі. Працэс праходзіў у закрытым рэжыме.