З гэтага часу Міністэрства замежных спраў Нарвэгіі будзе выкарыстоўваць назву Belarus замест Hviterussland (літаральна — «Белая Расея»). Зьмену назвы зацьвердзілі ў Міжнародны дзень салідарнасьці зь Беларусьсю, паведамляе regjeringen.no.
«Мне прыемна, што ў гэты дзень мы можам аб’явіць аб зьмене назвы і выказаць сваю салідарнасьць з дэмакратычнымі сіламі ў Беларусі», — сказала міністарка замежных спраў Нарвэгіі Аньнікен Гуйтфэльт.
Яна асабіста патэлефанавала дэмакратычнай лідэрцы Беларусі Сьвятлане Ціханоўскай і паведаміла пра зьмену назвы. «Яна была шчасьлівая і падзякавала за рашэньне», — адзначыла Гуйтфэльт.
Паводле яе, нягледзячы на тое, што існуюць гістарычныя і лінгвістычныя аргумэнты на карысьць напісаньня Belarus ці Hviterussland, гэта ў рэшце рэшт было палітычнае пытаньне.
Швэцыя і Данія сталі афіцыйна называць краіну Belarus у 2019 і 2021 гадах адпаведна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хто ў Эўропе дагэтуль заве Беларусь «Белай Расеяй». Інфаграфіка