Bloomberg: Эўракамісія прапанавала адкласьці эмбарга на пастаўкі расейскай нафты па трубаправодзе «Дружба»

Ілюстрацыйнае фота. На НПЗ прыёмнай станцыі нафтаправоду «Дружба» ў Вугоршчыне

Эўрапейская камісія прапанавала краінам-сябрам ЭЗ забараніць марское транспартаваньне расейскай нафты і адтэрмінаваць увядзеньне абмежаваньняў на пастаўкі па нафтаправодзе «Дружба» — ключавой крыніцы сырой нафты ў Вугоршчыну.

Аб гэтым паведамляе агенцтва Bloomberg са спасылкай на крыніцы.

Такая прапанова дало б Вугоршчыне, якая выступае супраць эмбарга на імпарт расейскай нафты, больш часу, каб знайсьці тэхнічнае рашэньне, якое задавальняе яе энэргетычныя патрэбы.

Акрамя таго, ініцыятыва Эўрапейскай камісіі дазволіць вырашыць праблемы іншых краін, якія ня маюць выхаду да мора, у тым ліку Славакіі і Чэхіі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Bloomberg: Нямеччына адмовіцца ад расейскай нафты, незалежна ад рашэньня ЭЗ пра эмбарга

Па словах крыніцаў агенцтва, краіны ЭЗ плянуюць паступова адмовіцца ад імпарту нафты морам праз паўгода, а нафтапрадуктаў — праз восем месяцаў. Амбасадары краінаў ЭЗ павінны сустрэцца і абмеркаваць прапанову 29 траўня, адзначае Bloomberg.

Шосты пакет санкцый Эўразьвязу супраць Расеі ў сувязі з вайной, куды павінны ўвайсьці абмежаваньні на нафту з РФ, абмяркоўваюць ужо на працягу некалькіх тыдняў, краіны-ўдзельніцы ЭЗ пакуль не прыйшлі да пагадненьня.

Раней у ЭЗ прапаноўвалі цалкам адмовіцца ад імпарту расейскай нафты, галоўным праціўнікам такіх санкцый выступіла Вугоршчына. Прадстаўнікі краіны сьцьвярджаюць, што забарона нанясе вялікі ўрон яе эканоміцы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Віцэ-прэзыдэнтка Эўрапарлямэнту заклікала ўвесьці нафтавае эмбарга супраць Расеі бяз згоды Вугоршчыны