«Люстэрка» сайту Саюзу палякаў у Беларусі прызналі «экстрэмісцкімі матэрыяламі»

Скрыншот старонкі сайту nadniemnemgrodno.pl

Сайт незарэгістраванага Саюза палякаў у Беларусі nadniemnemgrodno.pl уключаны сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.

Адпаведнае рашэньне 20 траўня прыняў суд Ленінскага раёну Горадні, паведамляе «Вясна».

30 сьнежня 2021 году «экстрэмісцкімі матэрыяламі» была прызнана інфармацыйная прадукцыя асноўнага парталу Саюзу палякаў Беларусі — znadniemna.pl. Улады заблякавалі доступ да сайту.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Улады заблякавалі доступ да сайту польскай меншасьці Беларусі Znadniemna.pl

«Справа палякаў»

Кіраўніца Саюзу палякаў Беларусі Анжаліка Борыс, журналіст Андрэй Пачобут, а таксама актывісты Саюзу палякаў Беларусі зь Ліды, Ваўкавыску і Берасьця: Ірэна Бярнацкая, Марыя Цішкоўская і Ганна Панішава былі арыштаваныя па так званай «справе палякаў». Ім закідалі «распальваньне нацыянальнай варожасьці» і «рэабілітацыю нацызму».

Жанчын, апрача Анжалікі Борыс, вызвалілі і прымусілі пакінуць Беларусь. Пачобут і Борыс адмовіліся ад вызваленьня ў абмен на згоду пакінуць радзіму.

Праваабарончая супольнасьць Беларусі прызнала Борыс і Пачобута палітычнымі вязьнямі, гэткую ж пазыцыю маюць улады Польшчы.

У сакавіку 2022 году старшыню Саюзу палякаў Беларусі Анжаліку Борыс перавялі са сьледчага ізалятара ў Жодзіне пад хатні арышт.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Анжаліку Борыс зьмясьцілі пад хатні арышт. Прашэньня аб памілаваньні яна не пісала
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Польскі парлямэнт заклікаў Менск спыніць рэпрэсіі супраць Борыс, Пачобута і іншых палітвязьняў