Кітай забараніў палёты ў краіну для Boeing і Airbus расейскіх авіяперавозчыкаў

Кітай забараніў пералёты ў краіну для самалётаў Boeing і Airbus расейскіх авіяперавозчыкаў, зарэгістраваных адразу ў дзьвюх юрысдыкцыях.

Пра гэта піша РБК са спасылкай на дзьве крыніцы.

Пэкін папрасіў ад перавозчыкаў пацьверджаньня, што імпартныя самалёты расейскіх перавозчыкаў афіцыйна зьнятыя з рэгістрацыі за мяжой.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Год з пасадкі Ryanair у Менску. Як зьмянілася за гэты час беларускае неба

Большая частка флёту расейскіх авіякампаніяў складаецца з самалётаў, якія належаць заходнім лізінгадаўцам і зарэгістраваныя да сакавіка ў замежных юрысдыкцыях. Пасьля пачатку вайны Расеі з Украінай самалёты былі фактычна канфіскаваныя ва ўладальнікаў і пераведзеныя ў расейскую рэгістрацыю, а іх тэхнічнае абслугоўваньне выконваецца без кантролю з боку вытворцаў і заходніх авіяцыйных рэгулятараў. Аднак зьняць іх з уліку ў старой юрысдыкцыі можна толькі са згоды лізінгавых кампаніяў.

З канца лютага заходнія краіны ўвялі шэраг санкцыяў супраць расейскай авіяцыйнай галіны з прычыны нападу Расеі на Ўкраіну. Эўразьвяз забараніў расейскім самалётам выкарыстоўваць сваю паветраную прастору, а таксама спыніў пастаўкі ў краіну самалётаў і запчастак да іх.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Белавія» пасьля ўвядзеньня санкцый страціла палову паветраных суднаў