Экспэрт Эўрапейскай рады міжнародных адносінаў, былы беларускі дыплямат Павал Сьлюнькін разважае пра стратэгію Расею па далучэньні Беларусі, адказвае на пытаньне, ці магчымае ўступленьне беларускага войска ў вайну, і заяўляе, што Лукашэнка спрабуе гуляць на тым, што ад яго на Захадзе чакалі яшчэ горшага.
Сьцісла:
- Магчымае далучэньне Беларусі — гэта штосьці такое, што жыве ў галовах крамлёўскіх людзей ужо як мінімум некалькі гадоў.
- Людзі, якія гэтыя прапановы прасоўваюць, асабліва не задумваюцца, ці пагодзіцца на гэта Лукашэнка.
- Пагроза ўваходу беларускага войска на тэрыторыю Ўкраіны дагэтуль існуе
- Зараз Лукашэнка спрабуе заняць пазыцыю чалавека, які нібыта аберагае Беларусь ад вайны.
- Менск заўсёды «прадаваў» такі матыў, — «маўляў, паглядзіце, што мы маглі зрабіць, але не зрабілі».
— Расейскае выданьне «Медуза» са спасылкай на свае крыніцы паведаміла, што ў Крамлі плянуюць правесьці рэфэрэндум у Беларусі аб далучэньні яе да Расеі. Наколькі вартая даверу гэта інфармацыя? Ці лічыць Крэмль Лукашэнку не такім ужо і ўзорным саюзьнікам, калі мае такія пляны, і, магчыма, наўмысна дапускае «выцек» такой інфармацыі?
— Я ня думаю, што гэта наўмысны выцек. Я мяркую, Расея сёньня знаходзіцца на пэўным этапе стратэгічнага плянаваньня. Калі яны ўварваліся ва Ўкраіну, яны чакалі нейкіх хуткіх вынікаў, хацелі захапіць вялікую частку тэрыторыі. Гэтага не адбылося, і Крамлю даводзіцца пераасэнсоўваць сваю стратэгію.
Бо стратэгічнае плянаваньне — гэта ня нешта статычнае, нязьменнае. І там заўсёды прапаноўваецца некалькі варыянтаў разьвіцьця. Магчымае далучэньне Беларусі — гэта штосьці такое, што жыве ў галовах крамлёўскіх людзей ужо як мінімум некалькі гадоў. Не атрымалася ў 2019-м, калі Масква ставіла пытаньне пра паглыбленую інтэграцыю, але гэта ня значыць, што гэтая ідэя адышла. Таму я разглядаў бы гэта як праяву аднаго з стратэгічных кірункаў, да якога імкнецца Расея. Думка наконт прыяднаньня розных тэрыторыяў, як захопленых ва Ўкраіны, так і Беларусь, у нейкую адзіную дзяржаву нікуды не зьнікла.
— Але так, як гэта прагучала — рэфэрэндум у Беларусі разам, у адзін дзень з рэфэрэндумамі ў ДНР і ЛНР— выглядае дастаткова абразьліва для афіцыйнага Менску. Крэмль улічвае магчымую рэакцыю Лукашэнкі ці распрацоўвае свае пляны, не зьвяртаючы вялікай увагі на ягонае існаваньне?
— Як чалавек, які працаваў у дзяржаўных структурах, я бачу гэта наступным чынам. Ёсьць катэгорыя людзей (умоўна кажучы, стратэгі), якія распрацоўваюць і прапаноўваюць ідэі і рашэньні. А ёсьць людзі-«практыкі», якія думаюць, як іх правесьці ў жыцьцё. Людзі, якія гэты прапановы прасоўваюць, асабліва не задумваюцца, ці пагодзіцца на гэта Лукашэнка. Прапаноўваюцца розныя варыянты, як гэта можа быць зроблена, якім чынам дамагчыся гэтай мэты, якім чынам выстройваць аргумэнтацыю ў размовах з Лукашэнкам. Калі нехта на сярэднім узроўні кажа, што «гэта немагчыма», то яму проста скажуць шукаць варыянты, каб гэта стала магчымым.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Без Расеі Беларусь памрэ». Тлумачым, чаму гэта ня так
— Апошнія тыдні раптам актывізаваліся размовы пра магчымы ўдзел беларускага войска ў вайне Расеі супраць Украіны. Нейкі час здавалася, што гэта тэма ўжо закрытая, але цяпер яна зноў ажыла. З чым гэта зьвязана? Няўжо Крэмль вырашыў з другога разу даціснуць Лукашэнку на гэты крок? Ці мо функцыя Беларусі ў тым, каб вымушаць украінцаў трымаць даволі вялікія войскі каля беларускай мяжы, а не накіроўваць іх на фронт?
— Я думаю, што пагроза ўваходу беларускага войска на тэрыторыю Ўкраіны дагэтуль існуе. Яна, вядома, зьменшылася пасьля таго, як былі адведзены расейскія войскі з-пад Кіева, але гэта ня значыць, што ў будучыні гэтага ня здарыцца. Расея пераплянавала сваю стратэгію дасягненьня мэтаў, і ў залежнасьці ад таго, як яны будуць прасоўвацца ва Ўкраіне, беларускаму войску можа быць пастаўлена пэўная задача. І калі гэта сапраўды будзе вельмі важна, то, я баюся, Лукашэнку будзе вельмі цяжка адмовіцца. Бо ёсьць прапановы, ад якіх немагчыма адмовіцца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Латушка пра ліст Лукашэнкі ў ААН: «Ілжывы і крывадушны да апошняй літары»
— Тым ня менш Лукашэнка даволі актыўна адбіваецца ад такой пэрспэктывы, і дагэтуль яму гэта ўдавалася...
— Так, ён адбіваўся і будзе адбіваецца, наколькі гэта магчыма. Бо ён разумее ўсе рызыкі такога кроку — і з гледзішча санкцыяў, ізаляцыі, і з гледзішча абурэньня беларускага грамадзтва. Сёньня Лукашэнка спрабуе заняць пазыцыю чалавека, які нібыта аберагае Беларусь ад вайны. Калі мы глядзім сацыялёгію, то бачым, што большасьць беларусаў па-ранейшаму лічыць, што Беларусь не зьяўляецца саўдзельніцай у гэтай агрэсіі.
Многія гаварылі, што беларуская армія будзе ўдзельнічаць, а Лукашэнка гэта не зрабіў, каб займаць пазыцыю, што ён утрымлівае Беларусь ад удзелу ў вайне. Лукашэнка, безумоўна, не зацікаўлены пасылаць армію на вайну. Пры адным выключэньні — калі ён будзе бачыць, што Расея перамагае, пераломвае хаду вайны, і ўжо хутка будзе дасягнуты нейкі істотны посьпех. Вось тады Лукашэнка можа з радасьцю далучыцца, няглядзячы на ўсе патэнцыйныя мінусы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Падаляк: Напад на Ўкраіну з тэрыторыі Беларусі стане канцом кіраваньня Лукашэнкі
— Адначасова з гэтым Лукашэнка піша лісты ў ААН, міністар замежных справаў Уладзімер Макей піша лісты эўрапейцам — пра тое, якая Беларусь добрая і міралюбная. Ці можа нехта купіцца на гэтую рыторыку?
— Тут варта аддзяліць Захад ад астатніх. У Эўразьвязу ад самога пачатку агрэсіі супраць Украіны вызначылася пазыцыя, што Беларусь зьяўляецца суагрэсарам. Яны спасылаюцца на азначэньне ААН, прынятае яшчэ ў 1974 годзе, дзе прапісана, што калі нейкая дзяржава прадстаўляе сваю тэрыторыю для іншай краіны для нападу, то яна таксама зьяўляецца агрэсарам. Таму ў дакумэнтах Эўразьвязу дакладна сказана, што Беларусь зьяўляецца суагрэсарам. Потым яны трошкі зьмянілі і сталі пісаць, што рэжым Лукашэнкі зьяўляецца суагрэсарам.
А пазыцыя АБСЭ палягае ў тым, што Беларусь не зьяўляецца бокам гэтага канфлікту. Таму ёсьць два розныя шляхі вызначэньня ролі Беларусі. У любым выпадку санкцыі, якія прымаюцца супраць Беларусі, не такія жорсткія, як супраць Расеі. Бо Расея ўсё ж разглядаецца як галоўны агрэсар, а Беларусь — як сатэліт, які дапамагае агрэсіі.
Чым менш будзе абстрэлаў з тэрыторыі Беларусі, чым менш будзе войскаў заходзіць ва Ўкраіну з тэрыторыі Беларусі, тым прасьцей Менску будзе падтрымліваць свой «міралюбны» вобраз. Але трэба сказаць, што таксычнасьць Лукашэнкі, якую ён назапасіў з 2020-га, аб’ядналася з тым, што ён нарабіў у 2022 годзе.
Я магу падзяліцца сваім уласным досьведам. У размовах з некаторымі эўрапейцамі я ад іх магу пачуць, што «Лукашэнка ж не паслаў свае войскі, і ўкраінскае войска пахваліў, і сказаў, што апэрацыя зацягнулася». То бок ноткі таго, што Лукашэнка супрацьстаіць расейскаму ціску, яны зьяўляюцца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка стварае новае вайсковае камандаваньне на ўкраінскім кірунку
— Як гэта патлумачыць? Няўжо Лукашэнка недастаткова разоў даказваў, што ён не зьяўляецца дамоваздольным і дзейнічае толькі дзеля захаваньня сваёй улады?
— Я думаю, тут пэўны псыхалягічны аспэкт. Ад Лукашэнкі ад 2020 году не чакаюць нічога добрага і адэкватнага — тысячы палітзьняволеных, пасадка самалётаў, міграцыйны крызіс. Таму і з пачатку вайны ад яго чакалі, што зараз увядзе войскі і будзе ваяваць з Украінай разам з Расеяй. А тут на кантрасьце раптам зьяўляюцца нейкія неадназначныя ноткі. І ўсе кажуць: «Я думаў, будзе горш».
Мы разумеем, што Лукашэнка ня ўводзіць войскі, бо ня хоча быць яшчэ больш ізаляваным, ня хоча мець такія моцныя санкцыі, разумее ўсе рызыкі ўнутры краіны. Таму ён гэта робіць выключна для самога сабе. Я тут ня бачу ніякіх праяваў добрай волі.
Але заходнія краіны бачаць тут найперш патэнцыял, які можа ўтрымліваць Лукашэнку ад яшчэ горшых крокаў. Яны ня хочуць бачыць у Беларусі расейскую ядзерную зброю, расейскую вайсковую базу, — і Лукашэнка гэта «прадае».
Менск заўсёды «прадаваў» такі матыў, маўляў, «паглядзіце, што мы маглі зрабіць, але не зрабілі». Не прызналі Паўднёвую Асэтыю, «ДНР» і «ЛНР», не разьмясьцілі ў сябе расейскіх базаў. І цяпер рэжым Лукашэнкі, паколькі канкрэтныя «лібэралізацыйныя» дзеяньні ўжо ня здольны рабіць, то актывізуе гэты аспэкт: «Глядзіце, чаго мы не зрабілі». Маўляў, наколькі можа стаць горш, калі вы будзеце нас ігнараваць. Гэта адзінае, Менску больш нічога не застаецца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Нам не да Ўкраіны, мы вас ад NATO абараняем. У чым Лукашэнка імкнецца пераканаць Маскву?