Опэрная сьпявачка Маргарыта Ляўчук паведаміла, што ейным бацькам сілавікі прапанавалі запісаць відэа з просьбай аб тым, каб яна перастала займацца палітыкай.
«Таму я працытую аднаго вядомага чалавека: „Я стамілася, я сыходжу“. Займацца любоўю. А любоў — гэта і ёсьць мая Беларусь», — заявіла ў адказ яна.
Бацькі сьпявачкі Маргарыты Ляўчук, якіх затрымалі ў вёсцы Страдзеч Берасьцейскага раёну, увечары выйшлі на волю.
Бацькам Маргарыты Ляўчук прысудзілі па 70 базавых велічынь (2 240 руб.) кожнаму. Іх судзілі за «непадпарадкаванне міліцыі» Суд адбыўся ў Берасьці.
Раніцай 26 траўня пра затрыманьне бацькоў паведаміла Свабодзе сама Маргарыта Ляўчук.
«Ранкам прыехаў бусік, суседку паклікалі панятой, ад яе і даведалася. Нічога пры ператрусе не знайшлі, але бацькоў выводзілі з хаты ў кайданках», — сказала Маргарыта.
Сілавікі таксама прыйшлі ў кватэру ў пасёлку Акцябрскі Гомельскай вобласьці, дзе зарэгістраваны Андрэй Павук, партнэр Ляўчук па дуэце «Красная зелень». Па ягоных словах, кватэру разграмілі, у міліцыю ў межах крымінальнай справы забралі знаёмага Павука.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Бацькоў сьпявачкі Маргарыты Ляўчук аштрафавалі і выпусьцілі