Гаворка пра тых, у каго ёсьць ва ўласнасьці жыльлё. Гэтую інфармацыю журналісту «Зеркало» як фізычнай асобе пацьвердзілі ў трох «дармаедзкіх» камісіях.
Журналіст як фізычная асоба патэлефанаваў у тры «дармаедзкія» камісіі ў Менску. Афіцыйна яны называюцца пастаянна дзейнымі камісіямі па каардынацыі па садзейнічаньні занятасьці насельніцтва. Ва ўсіх трох выпадках пацьвердзілі, што ў сакавіку ўвялі істотныя новаўвядзеньні для тых, хто зьехаў за мяжу. Гэта прадугледжана пастановай ураду № 166 ад 25 сакавіка.
Тым, хто працуе або вучыцца за мяжой, давядзецца плаціць за ЖКГ па поўных тарыфах (але гэта тычыцца ня ўсіх краінаў)
Адно з асноўных новаўвядзеньняў, якое ўвялі ў сакавіку, — тыя, хто працуе або вучыцца за мяжой, ня змогуць зараз падаваць дакумэнты аб гэтым і, адпаведна, вызваляцца ад платы за газазабесьпячэньне, ацяпленьне і гарачую ваду па эканамічна абгрунтаваных тарыфах. З сакавіка праца ці вучоба за мяжой ня лічацца падставамі, каб не плаціць «дармаедзкую» жыроўку.
Але тут ёсьць выключэньне. Гэтае новаўвядзеньне ня тычыцца тых, хто працуе або вучыцца ў краінах Эўразійскага эканамічнага саюзу — Расеі, Казахстане, Армэніі, Кіргізстане. Калі пацьвердзіць сваю занятасьць або вучобу ў гэтых дзяржавах, то «дармаедзкая» жыроўка не пагражае. «Цяпер мы прымаем дакумэнты толькі ад тых беларусаў, якія зьехалі ў дружалюбныя краіны — Расею, Казахстан, Армэнію і Кіргізстан. Ад іх мы прымаем дакумэнты аб тым, што яны знаходзяцца там на навучаньні ці па працы. З усіх астатніх краін мы не прымаем дакумэнты такога характару, што чалавек працуе ці вучыцца», — удакладнілі ў адной з камісій.
Раней для тых, хто працуе за мяжой, можна было прадставіць дакумэнт, напрыклад, копію працоўнай дамовы ці кантракту. Беларусам, якія вучацца на дзённай форме ў іншых краінах, можна было ўзяць даведку з установы адукацыі. Гэта вызваляла ад плацяжоў за газазабесьпячэньне, ацяпленьне і гарачую ваду па эканамічна абгрунтаваных тарыфах.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Улады Беларусі хочуць запатрабаваць ад эмігрантаў поўнай выплаты камунальных рахункаўНоваўвядзеньне для тых, хто застаўся бяз працы ў Беларусі, але зьехаў з краіны больш як на 30 дзён
Яшчэ адна з навін — з 1 сакавіка беларусы, якія трапілі ў базу «дармаедаў» і зьехалі з краіны больш як на 30 дзён, аўтаматычна празь месяц пасьля ад’езду пачынаюць плаціць за газазабесьпячэньне, ацяпленьне і гарачую ваду па эканамічна абгрунтаваных тарыфах. Выключэньне — выезд на аздараўленьне і санаторна-курортнае лячэньне.
Для тых, хто не зьяжджае з краіны, будзе дзейнічаць ранейшае правіла. Так, тых, хто страціць працу, уключаць у базу не адразу. На пошукі новага месца даецца ад 3 да амаль 6 месяцаў. Чыноўнікі бяруць квартал, у якім чалавек страціў працу, і даюць на працаўладкаваньне яшчэ тры месяцы.
Пра выезд за мяжу больш як на 30 дзён Міністэрству працы паведамляе Памежны камітэт.
У «дармаедзкіх» камісіях расказалі, што па выніках красавіка ўжо склалі сьпісы тых, хто нідзе не працуе і выехаў за мяжу больш як на 30 дзён. Калі ў гэтых людзей ёсьць ва ўласнасьці жыльлё, то за некаторыя жыльлёва-камунальныя паслугі яны будуць плаціць па поўных тарыфах.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі абнавілі базу дармаедаў. Ці трапілі ў яе палітычныя ўцекачы і зьняволеныя?