За некалькі дзён да вайны прэс-сакратар Пуціна Дзьмітрый Пяскоў заявіў: «Расея ніколі ні на кога не нападала». Гэты тэзіс стаў папулярным. Напярэдадні 9 траўня яго паўтарыў патрыярх Кірыл. Расейская агрэсія супраць Украіны не бянтэжыць аўтараў міту аб «выключнай міралюбнасьці расейскай замежнай палітыкі».
Новасібірскі гісторык Дзьмітрый Халяўчанка патлумачыў Сибирь.Реалии, наколькі гэтае ўяўленьне адпавядае рэчаіснасьці.
— Як вы можаце пракамэнтаваць сьцьвярджэньні Пяскова і патрыярха Кірыла, што «Расея ніколі ні на кога не нападала»?
— Па-першае, тут трэба дакладна разабрацца, што значыць «нападала», таму што, напрыклад, гітлераўская прапаганда ў 1939 годзе сьцьвярджала, што, нападаючы на Польшчу, Нямеччына адказвае на правакацыю польскіх войскаў на мяжы. Па-другое, вельмі складана вызначыць агульныя каардынаты для ўсіх гістарычных пэрыядаў. Міжнародныя адносіны ў розныя эпохі будаваліся на розных прынцыпах.
У XVIII і XIX стагодзьдзях тэрытарыяльная экспансія дзяржаў лічылася абсалютна натуральнай. Да Першай сусьветнай вайны існаваў падзел на вялікія дзяржавы і іншыя краіны. Апошнія не валодалі сувэрэнітэтам у поўнай меры. Пра гэта можна прачытаць у адной з найвялікшых, на мой погляд, прац ХХ стагодзьдзя — «Вытоках таталітарызму» Ганны Арэнт. Гэта датычыцца і тэрытарыяльнай экспансіі Расейскай імпэрыі, пашырэньне якой у XVIII і XIX стагодзьдзях адбывалася галоўным чынам ваенным шляхам. У першую чаргу я кажу пра Цэнтральную Азію і Закаўказьзе, але гэта тычыцца, напрыклад, і падзелаў Польшчы. Ва ўсіх гэтых выпадках Расея, буйная дзяржава, нападала на дробныя, аслабленыя ўскраінныя дзяржавы. У палове расейска-турэцкіх і расейска-пэрсыдзкіх войнаў ініцыятарам была менавіта Расея.
— Мы пра XIX стагодзьдзе цяпер гаворым?
— У першую чаргу пра XIX, але і XVIII стагодзьдзя гэта таксама тычыцца. Расейска-турэцкія войны кацярынінскіх часоў, расейска-пэрсыдзкія войны і войны з Крымскім ханствам, напрыклад, часоў Анны Іаанаўны. Паход Мініха на Крым і гэтак далей. Гэта войны, у якіх Расея вельмі часта выступала ініцыятарам. Іх была велізарная колькасьць.
Пятроўская Расея ў 1720-я гады захапіла ўсё заходняе і паўднёвае ўзьбярэжжа Касьпійскага мора, праўда, утрымаць гэтыя тэрыторыі не ўдалося. Але гэта быў менавіта напад Расеі на Іран. Што да Цэнтральнай Азіі, то тут у 1840-я — 1870-я гады Расея разьвязала войны супраць незалежных дзяржаў — Какандзкага і Хівінскага ханстваў і Бухарскага эмірату — і іх заваявала. Какандзкае ханства было цалкам зьліквідаванае, яго тэрыторыю далучылі да Расеі. А Хівінскае ханства і Бухарскі эмірат праіснавалі ў якасьці васалаў Расеі да рэвалюцыі 1917 году і нават крыху даўжэй. Гісторыя заваяваньня Расеяй Цэнтральнай Азіі — стандартны захоп імпэрыяй прылеглых тэрыторый.
Калі мы закранём ХХ стагодзьдзе, то для эўрапейскага сьвету ён пачаўся з задушэньня Баксёрскага паўстаньня ў Кітаі. Гэта была інтэрвэнцыя ў Кітай большай часткі эўрапейскіх дзяржаў, у тым ліку і Расеі, якая атрымала ў выніку Порт-Артур.
— Вы згадалі пятроўскі пэрыяд. Паўночная вайна 1700–1721 гадоў Пятра Першага дзякуючы Пушкіну лічыцца найважнейшай і слаўнай вяхой фармаваньня Расейскай імпэрыі. Але ў школе на ўроках гісторыі і літаратуры, дзе праходзілі паэму «Палтава», неяк ня ставілася пытаньне, ці мела Расея права заваёўваць гэтыя тэрыторыі.
— Я б не сказаў, што пятроўскія рэформы, пераход да Расейскай імпэрыі — такі ўжо рэвалюцыйны крок, які наблізіў Расею да эўрапейскіх дзяржаў. Пры папярэдніках Пятра Расея разьвівалася ў тым жа кірунку. Ішла вэстэрнізацыя; праўда, іншымі спосабамі. За некалькі дзесяцігодзьдзяў да Пятра расейскае войска ўжо становіцца прафэсійным. Іншаземцы на расейскай службе знаходзіліся масава, у раньнія пятроўскія гады быў нават некаторы адкат — іншаземцаў стала менш. Са зьяўленьнем Пятра не было такога ўжо жорсткага пералому і з пункту гледжаньня тэрытарыяльных захопаў. Пры Барысу Гадунову Нарва — адзін з найбуйнейшых гандлёвых партоў — была расейскай. Іван Грозны адзін час кантраляваў нават большую тэрыторыю ў Прыбалтыцы, чым у выніку заваяваў Пётр Першы. Гэта так, для дакладнасьці.
Што тычыцца Паўночнай вайны 1700–1721 гадоў — гэта сутыкненьне дзьвюх імпэрый у пэрыяд фармаваньня, якія імкнуліся да экспансіі. Расейскай, разбуранай у Смутны час, і Швэдзкай. Швэцыя ў сярэдзіне XVII стагодзьдзя пры рыксканцлеру Аксэлю Оксэншэрну пачынае ператварацца ў сапраўдную імпэрыю — з замежнымі калёніямі, гандлем спэцыямі, з Ост-Індзкай кампаніяй. Карл XII, зь якім ваяваў Пётар, працягнуў экспансію. Пры гэтым пачатак Паўночнай вайны — гэта праблема тэрыторый Курляндыі, Ліфляндыі, Эстляндыі, якія знаходзіліся то пад швэдзкім, то пад польскім, то пад польска-літоўскім кантролем. Да таго ж на гэтай тэрыторыі існавалі паўаўтаномныя княствы і вольныя гарады са сваімі інтарэсамі. Расея падтрымала паўстанцаў-сэпаратыстаў у Рызе. У выніку Ліфляндыя, якая да таго моманту ўжо больш за паўстагодзьдзя ўваходзіла ў склад Швэцыі, павінна была стаць незалежным герцагствам пад васалітэтам Расеі. І Карл XII пісаў эўрапейскім каралям, што ён вымушаны ваяваць зь Пятром, што з боку Швэцыі гэта вайна справядлівая.
Для Расеі ж гэта была страшная вайна, якая прывяла да гіганцкай дэпапуляцыі. Цэлыя раёны вымерлі. Усё было запампавана ў гэтую вайну.
— Вайна Расеі супраць Напалеона — клясычны прыклад са школьнай праграмы, калі Расея толькі абаранялася, ды да таго ж яшчэ і зьнішчыла страшнага, магутнага ворага.
— Вайну 1812 году нельга разглядаць у адрыве ад усяго комплексу напалеонаўскіх войнаў. І нават у адрыве ад рэвалюцыйных войнаў, якія пачаліся ў 1792 годзе. Насуперак спробам савецкай гістарыяграфіі падзяліць «справядлівыя рэвалюцыйныя войны» 1792–1799 і «захопніцкія напалеонаўскія войны» 1799–1815 гадоў, па сутнасьці яны нічым не адрозьніваюцца — абодва цыклы зьяўляюцца агрэсіўнай экспансіяй Францыі, якую спрабавалі спыніць кансэрватыўныя.
У гэтых войнах было шмат антыфранцускіх кааліцый — у нейкія Расея не ўваходзіла, а ў нейкіх была лідэрам. Двойчы Расея сэпаратна выходзіла з вайны з Напалеонам і паралельна з гэтымі войнамі захапіла ў Швэцыі Фінляндыю, у Турэччыны Бэсарабію і львіную долю Паўднёвага Каўказу ў Пэрсіі. Расея валодала магутнай прафэсійнай арміяй, якая фармавалася рэкруцкімі наборамі — людзі служылі ў салдатах па чвэрці стагодзьдзя.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаму вялікая Расея дзясяткі год не магла заваяваць маленькую ЧачнюКалі вялікае войска Напалеона ўварвалася ў Расею ў 1812 году, сытуацыя непасрэдна для Расеі зьмянілася. Значная частка насельніцтва заходніх губэрняў, якія яшчэ за 20 гадоў да гэтага ўваходзілі ў Вялікае Княства Літоўскае ў складзе Рэчы Паспалітай, успрымала Напалеона як вызваліцеля. Але, як толькі напалеонаўскае войска дайшло да ўласна расейскіх губэрняў, вайна стала айчыннай, і ў ёй прыняў удзел сам народ, пачалася партызанская вайна. Усе саслоўі аб’ядналіся дзеля перамогі.
Але ня трэба забываць, што вайна 1812 году працягнулася Заходнім паходам расейскага войска, у выніку якога Расея заваявала ўжо ўласна польскія тэрыторыі. Гэта было тое ж самае войска, узначаленае тымі ж самымі героямі.
— Крымскую вайну сярэдзіны XIX стагодзьдзя мімаволі параўноўваеш з сёньняшняй «спэцапэрацыяй». Цяпер дзяржаўная прапаганда кажа аб абароне братэрскага народа, тады — аб абароне братоў-хрысьціян. Тая вайна была вызвольнай?
— Мне не падабаецца, калі да войнаў ужываюць эпітэты «вызваленчая», «айчынная». Гэта ідэалягізаваныя тэрміны, актуальныя толькі для інфармацыйнай прасторы эпохі, у якую адбывалася тая ці іншая вайна.
Крымская вайна — адна з расейска-турэцкіх войнаў, якія працягваліся на працягу XVII, XVIII і XIX стагодзьдзяў. У нейкіх выпадках ваенныя дзеяньні пачынала Атаманская імпэрыя, у нейкіх — Расея. Адбываліся паўстаньні хрысьціянскіх народаў, якія пражывалі на тэрыторыі Атаманскай імпэрыі, і Расея ўмешвалася пад маркай абароны хрысьціян. Хоць ня буду спрачацца з тымі, хто скажа, што гэта была не падстава, а высакародны парыў. Гэтак жа сама Атаманская імпэрыя ўмешвалася ў падзеі, зьвязаныя з сапраўдным генацыдам мусульман, якія пражывалі на тэрыторыях, заваяваных Расеяй.
Ня трэба забываць пра мухаджырства. Захоп Расеяй тэрыторыі цяперашняга Краснадарскага краю — адна з самых змрочных старонак гісторыі. 90 працэнтаў насельніцтва было выгнана з гэтай тэрыторыі, са сваёй радзімы. Узьніклі грамады, якія называюць у Турэччыне на Блізкім Усходзе чэркесамі, але гэта прадстаўнікі многіх выгнаных народаў — адыгаў, абхазаў, убыхаў, абазінаў, нагайцаў, чачэнцаў. Мільёны людзей — нашчадкаў гэтых народаў — сёньня пражываюць у Турэччыне, Сырыі, Ярданіі, Іраку, Ізраілі. Тэрыторыю цяперашняга Краснадарскага краю засялілі казакі, украінцы і іншыя перасяленцы.
Крымская вайна пачыналася як тыповая расейска-турэцкая. Расея абʼявіла, што выступае ў падтрымку паўстанцаў славян на Балканах. Прынцыповае адрозьненьне гэтай вайны — Чорнае мора да гэтага часу становіцца зонай міжнародных інтарэсаў. Таму Брытанія, Францыя і Сардынскае каралеўства ўступілі ў вайну на баку Атаманскай імпэрыі, поўнасьцю разграмілі Расею і дэмілітарызавалі ўсю зону Чорнага мора.
Можна сказаць, што калі вайсковыя дзеяньні вяліся ўжо на тэрыторыі Крыма, Расея абараняла сваю тэрыторыю. Але ня будзем забывацца, што Крым быў далучаны толькі ў 80-я гады XVIII стагодзьдзя — усяго за 70 гадоў да гэтай вайны. Для тых часоў не такі ўжо вялікі тэрмін, каб тэрыторыя канчаткова зьмяніла сваю дзяржаўную прыналежнасьць. Акрамя таго, на баку Атаманскай імпэрыі ваявалі някрасаўцы — праваслаўныя казакі, якія выйшлі з Расеі пасьля жорсткага задушэньня Пятром I Булавінскага паўстаньня на Доне. Гісторыя гэтай вайны значна складанейшая, чым мы сабе ўяўляем. Абарона Севастопаля — гераічны этап Крымскай вайны, але асабісты гераізм ня можа вызначаць яе справядлівасьць або несправядлівасьць.
XIX стагодзьдзе — гэта зусім іншая эпоха, калі гуманістычныя пытаньні ў галіне міжнароднай палітыкі ставіліся вельмі рэдка. Сёньняшні пацыфісцкі погляд далёка не заўсёды можна дастасаваць да падзей мінуўшчыны, якія абапіраюцца на базу, складанасьць якой мы не заўсёды ўяўляем. Я маю на ўвазе структуру грамадзтва, інтарэсы канкрэтных груп, хуткасьць распаўсюджваньня інфармацыі.
— Ці можна разглядаць заваяваньне Сібіру як ваенную агрэсію?
— Так, безумоўна. Прычым можна вылучыць два патокі. Адзін — гэта войны менавіта зь дзяржаўнымі ўтварэньнямі. А другі — як чыстую канкісту. Заваёва Расеяй Сібіру — гэта гісторыя, сынхронная гішпанскай заваёве Амэрыкі і цалкам супастаўная з гэтай заваёвай.
Сібірскае ханства было паўнавартаснай дзяржавай, на якую Расея напала і захапіла. Калі быць дакладным, першапачаткова паход Ермака — прыватная апэрацыя, арганізаваная Строганавымі, якія проста стаміліся ад таго, што Сібірскае ханства падтрымлівала князькоў, якія рэгулярна нападалі на гарады, што знаходзіліся на землях Строганавых. Сібірскае ханства лічыла, што гэтыя землі — яго тэрыторыі, захопленыя Строганавымі, і што гэтыя землі павінны знаходзіцца пад кантролем Улусу Джучы, гэта значыць Залатой Арды. Праўда, расейская дзяржава вельмі хутка канфіскавала гэтую заваёву з прыватных рук.
Потым былі захопніцкія з боку Расеі войны зь дзяржавай енісейскіх кіргізаў. Для гэтага ў XVII-XVIII стагодзьдзях будаваўся ланцуг астрогаў, пачынаючы ад Ачынскага і заканчваючы Саянскім.
Цікавая і гісторыя пачатку ўзаемаадносін Расеі з Кітаем. Паход Васілія Паяркава, які лічыцца землепраходцам, а папраўдзе можа разглядацца як канкістадор, які перайшоў з гарматамі Станавы хрыбет і на тэрыторыі цяперашняй Амурскай вобласьці разам з атрадам быў абложаны мясцовымі плямёнамі, якія плацілі даніну Цінскай імпэрыі. Харч заканчваўся, і Паяркаў выгнаў сваіх таварышаў за сьцены крэпасьці і прымусіў есьці трупы загінулых. Паяркаў — гэта як самы страшны гішпанскі канкістадор той жа эпохі Агіры, па мянушцы «Гнеў Божы», які быў жорсткі як з абарыгеннымі народамі, так і са сваімі людзьмі.
Ерафей Паўлавіч Хабараў быў у гэтым пляне прыстойным чалавекам, але таксама канкістадорам. Проста да моманту яго паходу Цінская імпэрыя, палохаючы рускімі людаедамі, рускімі барбарамі, выселіла з Прыамурʼя ўсё мясцовае насельніцтва — даураў і дзючараў, і таму Хабараў практычна ні з кім не сутыкнуўся. Такія былі наступствы паходу Паяркова.
Самыя яркія і малавядомыя старонкі заваёвы Сібіру — расейска-чукоцкія войны, якія суправаджаліся карцінамі страшнага генацыду і помсты за гэты генацыд. Асноўныя падзеі прыпалі на першыя дзьве траціны XVIII стагодзьдзя. Але і пасьля гэтага Чукотка, па сутнасьці, заставалася далучанай фармальна — напрыклад, ясак чукчы плацілі па жаданьні. З тых часоў захаваліся чукоцкія легенды, у якіх расейцы выглядаюць страшным народам, дʼябламі ў плоці. Гэта пацьвярджаецца і справаздачамі, якія ваяводы і камэнданты адпраўлялі ў Сібірскі Прыказ ці сібірскаму губэрнатару.
Яшчэ адна гісторыя — расейская заваёва Аляскі, якая суправаджалася генацыдам алеутаў. Зьнішчэньне ўсяго алеуцкага насельніцтва на востраве Ўналашка ў 60-я гады XVIII стагодзьдзя і вельмі жорсткія войны з індзейцамі-тлінкітамі на востраве Сітха, дзе Новаархангельск будавалі, — гэта ўжо пры Аляксандру Баранаву, на пачатку XIX стагодзьдзя.
Заваёва Сібіру, уключаючы Аляску — доўгі працэс, які працягваўся з XVI да XIX стагодзьдзя, які трэба разглядаць як канкісту і не выключаць з агульнасусьветных працэсаў. Расейскую гісторыю забіраюць з сусьветнага кантэксту, як быццам мы жылі паралельна ўсяму сьвету. Таму сфармаваліся міты, апэлюючы да якіх, Пяскоў сёньня можа паўтараць усякія дурасьці.
Вядома, гаворачы аб калянізацыі, трэба разьвеяць яшчэ адзін міт. Фізычнае зьнішчэньне цэлых плямёнаў і ў Амэрыцы, і ў Сібіры мела месца, але гэта адзінкавыя выпадкі. Скарачэньне папуляцыі карэннага насельніцтва на абодвух кантынэнтах было зьвязана з эпідэміямі, з адбіраньнем зямлі, гаспадарчым выцясьненьнем, з асыміляцыяй. Але калі гавораць: «На ўсходнім узьбярэжжы ЗША не засталося карэннага насельніцтва — усіх забілі, а ў Сібіры ўсё адбывалася ня так», — гэта няпраўда.
Па-першае, у ЗША ня ўсіх індзейцаў забілі — ёсьць рэзэрвацыі і на Ўсходнім узьбярэжжы. Па-другое, не забілі, а часьцей за ўсё асымілявалі, выцесьнілі або сілком перасялілі. Па-трэцяе, адкажыце, дзе, напрыклад, карэннае насельніцтва, якое пражывала на тэрыторыі цяперашняй Новасібірскай вобласьці? Ягоная доля не перавышае долі карэннага насельніцтва на ўсходзе ЗША. Гэтым пытаньнем, як правіла, не задаюцца.
— Са стогадовай дыстанцыі першыя крокі савецкай Расеі ў галіне міжнароднай палітыкі здаюцца пацыфісцкімі: «Дэкрэт аб міры», Брэст-Літоўскі мір.
— «Дэкрэт аб міры» — гэта тактычны і ні ў якім разе не міратворчы крок. У 1917–1918 гадах бальшавікі вызнавалі хуткае наступленьне сусьветнай рэвалюцыі, якую павінны былі наблізіць рэвалюцыйныя войны. Бальшавікі кіраваліся мэтамі, з тэхналягічнага пункту гледжаньня, чыста імпэрыялістычнымі. Спрабавалі захапіць увесь сьвет. Чырвоная Армія фармавалася прафэсійна, і людзі, якія яе фармавалі — Леў Троцкі і Эфраім Склянскі, — адны з самых вялікіх арганізатараў узброеных сіл у ХХ стагодзьдзі.
Брэст-Літоўскі мір з пункту гледжаньня міжнародных адносін быў абсалютна сэпаратны. Маладая савецкая ўлада здрадзіла саюзьніцкім адносінам у рамках Антанты. Больш за тое, бальшавікі ўспрымаліся на Захадзе як германскія агенты, і германскі ўдзел у расейскай рэвалюцыі сапраўды меў месца.
Пасьля Першай сусьветнай вайны грамадзянскую вайну на ўскраінах таксама можна разглядаць як імпэрыялістычную экспансію, праўда, у новым абрамленьні. Савецкая ўлада захапіла Грузію, Армэнію, Азэрбайджан, дзе да таго часу ўжо былі створаны незалежныя дзяржавы, Украіну, дзе да таго часу існавала Цэнтральная Рада, там засядалі людзі, якія сапраўды будавалі незалежную дзяржаву. Савецкая Расея спрабавала захапіць і Польшчу, якая адрадзілася пасьля ста гадоў нябыту. Савецка-польская вайна 1920-х гадоў — гэта спроба прасунуць сусьветную рэвалюцыю. Такія рэвалюцыйныя войны нічым не адрозьніваюцца ад імпэрыялістычнай экспансіі.
Уся савецкая гісторыя 1920-х вельмі мілітарызаваная, заточаная на магутную мабілізацыю людзкіх рэсурсаў — і праз Асаавіяхім, і праз сыстэму выпампоўваньня грошай з насельніцтва для падрыхтоўкі ўзбраеньня — праз усякія «добраахвотныя таварыствы» з прымусовымі сяброўскімі складкамі і шматлікія дзяржаўныя пазыкі, у тым ліку і на ваенныя мэты. Гэтыя тэндэнцыі толькі ўзмацняліся. Савецкі Саюз стварыў сыстэму, якая была дакладна настроена на тое, каб ваяваць далей.
— Пра якія гады вы цяпер гаворыце?
— Пра 20-я. У 1920-я гады СССР быў самай экспансіянісцкай дзяржавай у сьвеце. У 1930-я да яго дадалася яшчэ нацысцкая Нямеччына. Фашысцкая Італія пачала будаваць сваю афрыканскую імпэрыю ў Этыёпіі і Самалі ў 1930-я, а ў 20-я ня надта займалася войнамі. Японія па-сапраўднаму пачала экспансію на тэрыторыю Кітаю толькі ў 1931 годзе. А вось у 20-я гады адзіная краіна, якая ставіла за мэту захоп усяго сьвету, — гэта СССР. Толькі савецкая ідэалёгія замест тэрміна «імпэрыялізм» выкарыстоўвала словазлучэньні «дыктатура пралетарыяту», «міжнародная рэвалюцыя», «рэвалюцыйныя войны», пераняўшы традыцыю, закладзеную Вялікай Францускай рэвалюцыяй.
У любой рэвалюцыі ёсьць свой Тэрмідор і свой Брумэр. Так здарылася і ў СССР. З 30-х гадоў Сталін прынцыпова мяняе зьнешнюю палітыку краіны. Ідэю сусьветнай рэвалюцыі зьмяняе ідэя пабудовы сацыялізму ў асобна ўзятай краіне. СССР зараз павінен дзейнічаць як імпэрская дзяржава, якая пастаянна пашырае сваю тэрыторыю. На зьмену інтэрнацыянальнай ідэалёгіі прыходзіць нацыяналістычная. Сьцьвярджаецца, што Расея вяла толькі справядлівыя войны. Падцягваюцца прыклады з расейскай гісторыі — Аляксандар Неўскі, Іван Грозны, Пётар Першы, якія нібы вялі толькі справядлівыя і вызваленчыя войны. Фармавалася міталёгія і падцягваўся пантэон герояў.
Няма ніякіх падстаў казаць, што да Другой сусьветнай СССР быў міралюбнай дзяржавай. Пачатак Другой сусьветнай вайны ў гэтым пляне таксама паказальны. Савецкі Саюз вырашаў свае экспансіянісцкія задачы: разам зь Нямеччынай падзяліў Польшчу, захапіў Прыбалтыку, спрабаваў захапіць Фінляндыю. У Румыніі былі заваяваныя Бэсарабія і Паўночная Букавіна. Сталін спрабаваў вярнуць СССР да межаў Расейскай імпэрыі. У некаторых выпадках да іх не дайшоў, у іншых — нават выйшаў за іх: Польшча не была далучаная, а вось Заходняя Ўкраіна — была.
Пасьля Другой сусьветнай СССР забраў сабе Кёнігсбэрг і Закарпацьце, якое да вайны належала Чэхаславаччыне, а потым нейкі час Вугоршчыне. Усходнія тэрыторыі Нямеччыны, адкуль былі выселены мільёны немцаў, адышлі Польшчы. Зрэшты, і большая частка краін Усходняй Эўропы сталі ня проста сатэлітамі СССР — яны доўгія гады былі практычна акупаваныя савецкай арміяй.
— Усё-ткі яшчэ раз спытаю: ці мае рацыю Пяскоў, калі кажа, што «Расея ніколі ні на кога не нападала»?
— Вядома, не. Пяскоў апэлюе да міталягічнай сьвядомасьці, якая склалася ў савецкі пэрыяд і ня мае ніякага дачыненьня да гістарычнай рэчаіснасьці. На гэтых ідэйных асновах фармаваўся Ўсходні блёк і праводзілася палітычная экспансія СССР на тэрыторыях краін трэцяга сьвету. Думаю, гэты міт склаўся ў сталінскі і пасьлясталінскі час, калі на зьмену ідэі сусьветнай рэвалюцыі прыйшла ідэя пабудовы сацыялізму ў асобна ўзятай краіне. На ідэалягічным узроўні падкрэсьлівалася, што Расея, а потым Савецкі Саюз нібыта ніколі нікога не захоплівалі, а толькі ў розныя пэрыяды на розных тэрыторыях дапамагалі «прагрэсіўнаму чалавецтву».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці далучыць Пуцін Беларусь да Расеі? Піша Юры Дракахруст