Павал Латушка зазначыў, што беларусы «выступаюць супраць вайны, разьвязанай Расеяй пры поўным садзейнічаньні рэжыму Лукашэнкі».
Паводле слоў палітыка, дзякуючы дзейнай уладзе Беларусь «ператварылася ў пляцдарм для забесьпячэньня нападу на Ўкраіну, які забясьпечыў гэтаму нападу ўсю неабходную тылавую і інфраструктурную падтрымку».
Латушка запэўнівае, што гэтая падтрымка працягваецца і дагэтуль, бо «ні ракетныя, ні авіяцыйныя ўдары па тэрыторыі Ўкраіны з тэрыторыі Беларусі не спыніліся».
Экс-дыплямат расказаў, што за Ўкраіну ваююць «тысячы беларускіх добраахвотнікаў», а ў самой Беларусі ідзе жорсткі перасьлед грамадзян за ўдзел у антываенных акцыях.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Затрыманьне настаўніка за SMS, крымінальная справа за відэа з вайсковым самалётам. Мапа антываеннага супрацівуКіраўнік НАК назваў ліст Лукашэнкі «хлусьлівым і крывадушным да апошняй літары», дадаўшы, што адзіная мэта яго — «адысьці ад санкцый і адказнасьці за ўсе свае злачынствы».
«Я ўпэўнены, вы разумееце, што рукі, якія напісалі вам гэты ліст, па локаць у крыві. Вы ня можаце не разумець, што рэалізацыя вашай прапановы зьняць з рэжыму Лукашэнкі нават частку санкцый, уведзеных супраць яго за масавыя злачынствы супраць правоў чалавека, за злачынствы супраць чалавечнасьці і ваенныя злачынствы, якія ён зьдзяйсьняў і будзе працягваць зьдзяйсьняць, пакуль знаходзіцца ва ўладзе, — гэта здрада беларускаму і ўкраінскаму народам, гэта здрада ідэалам дэмакратыі і інтарэсам рэгіянальнай бясьпекі, гэта патураньне ўсім яго злачынствам і ваеннай агрэсіі», — зьвярнуўся да генсека ААН Латушка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Генэральнаму сакратару ААН перадалі асабістае пасланьне ад ЛукашэнкіНа мінулым тыдні пастаянны прадстаўнік Беларусі пры ААН Валянцін Рыбакоў на сустрэчы з генэральным сакратаром ААН Антонію Гутэрышам перадаў яму ліст ад Аляксандра Лукашэнкі.
Сустрэча прайшла на фоне паведамленьняў СМІ аб тым, што Гутэрыш і ЗША нібыта разглядаюць варыянт транзыту ўкраінскага збожжа празь Беларусь у літоўскую Клайпеду як найбольш зручную альтэрнатыву традыцыйнаму маршруту праз украінскія чарнаморскія парты, заблякаваныя цяпер Расеяй.
Узамен на згоду Беларусі на такі варыянт, паводле інфармацыі The Wall Street Journal, улады ЗША прапануюць прыпыніць на паўгода санкцыі супраць беларускага калійнага экспарту.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Стаў вядомы зьмест ліста Лукашэнкі генэральнаму сакратару ААН. Што ў ім ня такЗьмест пасланьня Лукашэнкі на той момант не раскрываўся. Пазьней стала вядома, што Аляксандар Лукашэнка заявіў Гутэрышу, што ён ані агрэсар, ані здраднік. Ён заклікаў не дапусьціць перарастаньня вайны ва Ўкраіне ў сусьветную, дзеля чаго трэба адмовіцца ад паставак узбраеньняў, пісала БелТА.
Лукашэнка хоча, каб урэгуляваньне ішло пры ягоным удзеле і з наданьнем Беларусі гарантый бясьпекі.
Сярод іншага, Лукашэнка чарговым разам абвінаваціў краіны Захаду ў правакацыі вайны ва Ўкраіне. Пры гэтым, паводле яго, Беларусь выступае за як найхутчэйшае ўрэгуляваньне «сытуацыі» ва Ўкраіне.
Акрамя таго, ён зазначыў, што вайна, санкцыі Захаду супраць Расеі ўжо нясуць сур’ёзныя пагрозы і разбуральныя наступствы. Ён лічыць, што нельга дапусьціць перарастаньня канфлікту ў сусьветны. Для гэтага нібыта трэба спыніць пастаўкі ўзбраеньняў і адмяніць санкцыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Дзярждэпартамэнце ЗША пракамэнтавалі паведамленьні СМІ аб магчымым прыпыненьні санкцый супраць беларускага калію