Самалёты, здольныя несьці ядзерную зброю, падняліся ў паветра і праляцелі над Японскім і Усходне-Кітайскім морамі.
Гэта адбылося на фоне візыту ў рэгіён прэзыдэнта ЗША Джо Байдэна, які ў аўторак сустрэўся зь лідэрамі Аўстраліі, Японіі і Індыі. Гэтыя краіны ўдзельнічаюць у так званым Чатырохбаковым дыялёгу па бясьпецы (Quad coalition), які, як лічаць у Пэкіне, накіраваны на стрымліваньне Кітаю.
Як піша New York Times, сумесныя расейска-кітайскія вучэньні сталі важным знакам таго, што партнэрства паміж Масквой і Пэкінам застаецца трывалым, нягледзячы на шматлікія ахвяры сярод мірнага насельніцтва ва Ўкраіне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Байдэн заявіў, што ЗША гатовыя абараняць Тайвань у выпадку нападу КітаяПаўднёвакарэйскае агенцтва «Ронхап» са спасылкай на афіцыйных асобаў паведаміла, што два кітайскія і чатыры расейскія самалёты праляцелі недалёка ад усходняга ўзьбярэжжа Паўднёвай Карэі, аднак не парушылі яе паветраную прастору.
Міністэрства абароны РФ пацьвердзіла сумесны палёт стратэгічных ракетаносцаў Ту-95МС ВКС Расеі і стратэгічных бамбавікоў «Хун-6К» ВПС Народна-вызвольнага войска КНР. Працягласьць палёту склала 13 гадзін. У ваенным ведамстве Расеі заявілі, што палёт ня быў накіраваны супраць трэціх краін.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўнік Кітаю Сі Цзіньпін заклікаў Пуціна спыніць вайну ва Ўкраіне і сесьці за стол перамоваў«Гэта азначае, што Кітай па-ранейшаму гатовы шчыльна супрацоўнічаць з Расеяй, у тым ліку ў вайсковай сфэры», — пракамэнтаваў «Голасу Амэрыкі» сумесны палёт высокапастаўлены прадстаўнік адміністрацыі ЗША.
«Кітай не дыстанцыюецца ад Расеі. Наадварот, гэтыя вучэньні паказваюць гатоўнасьць Кітаю дапамагаць Расеі абараняцца на ўсходзе, пакуль яна ваюе на захадзе», — заявіў ён.
Высокапастаўлены прадстаўнік Белага Дома таксама лічыць, што вучэньні бамбавікоў паказалі, што Расея будзе падтрымліваць Кітай у яго тэрытарыяльных спрэчках з суседзямі ва Ўсходнім і Паўднёва-Кітайскім морах.
- 23 траўня, падчас візыту ў Японію, прэзыдэнт ЗША Байдэн заявіў, што калі Кітай паспрабуе захапіць Тайвань сілай, ЗША гатовыя абараняць востраў ваенным шляхам.
- Уладзімір Пуцін наведаў Пэкін за 3 тыдні да ўварваньня ва Ўкраіну. Расея і Кітай тады падпісалі дэклярацыю, у якой гаварылася аб «бязьмежным партнэрстве». Выведка краінаў Захаду перакананая, што Кітай ведаў аб плянах расейскага ўварваньня ва Ўкраіну і прасіў Пуціна адкласьці яго да завяршэньня Алімпіяды ў Пэкіне, што і было зроблена.
- Кітай не асудзіў расейскае ўварваньне, фактычна ўсклаўшы адказнасьць за яго на краіны Захаду. Разам з тым Пэкін заяўляе аб прыхільнасьці тэрытарыяльнай цэласнасьці Ўкраіны. Краіны Захаду асьцерагаюцца, што на фоне расейскага ўварваньня Кітай можа зрабіць спробу сілай усталяваць кантроль над Тайванем.