На сайце дзяржзакупак зьявіўся тэндэр на закупку 20 тысячаў ідэнтыфікацыйных жэтонаў для вайскоўцаў, які праводзіць Міністэрства абароны Беларусі. На гэта зьвярнуў увагу тэлеграм-канал Антона Матолькі.
Кошт закупкі ацэньваецца ў 10 800 рублёў.
У дакумэнтах да тэндэру сказана, што жэтон вырабляецца з алюмініевага сплаву ў выглядзе простакутнай пласьцінкі з закругленымі вугламі, надпісам «УС Беларусі», а таксама сэрыяй, нумарам і табліцай групы крыві і рэзус-фактару.
Такія жэтоны выдаюцца тым вайскоўцам, якія служаць па кантракце, і афіцэрам запасу.
Паводле сайту Міністэрства абароны, у краіне па кантракце служаць 7 тысячаў вайскоўцаў.
Тэлеграм-канал Матолькі адзначае: «Калі выказаць здагадку, што гэтыя жэтоны прызначаюцца для кантрактнікаў, то атрымліваецца, што закупляюць у тры разы больш, чым уся колькасьць вайскоўцаў па кантракце ў УС Беларусі. Таксама гэта можа быць і проста замена старых жэтонаў на новыя, і закуп у запас».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Двух беларусаў з ПВК «Вагнэр» падазраюць у ваенных злачынствах пад Кіевам. СБУ назвала іх прозьвішчы