Ураджэнец Рэчыцы Гомельскай вобласьці Сяргей Сазанаў і ўраджэнец Воршы Віцебскай вобласьці Аляксандар Ступніцкі, якія ваявалі ў складзе ПВК «Вагнэр» у Сырыі, падазраюцца ў 14 эпізодах катаваньняў і зьверскіх расстрэлаў у вёсцы Матыжын Макараўскага раёну Кіеўскай вобласьці.
Апроч таго, паводле сьледзтва, Сяргей Сазанаў і Аляксандар Ступніцкі ўдзельнічалі ў выкраданьні, катаваньні і забойстве старасты Матыжына Вольгі Сухенкі, яе мужа і сына.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пракуратура Ўкраіны ідэнтыфікавала 8 расейцаў, якія жорстка катавалі і забілі старасту вёскі на Кіеўшчыне, сярод іх былі «вагнэраўцы»Абодва беларусы ўключаныя ў базу цэнтру «Миротворець». Паводле зьвестак, сабраных супрацоўнікамі цэнтру, Сяргей Сазанаў (нарадзіўся ў 1972 годзе) — колішні маёр міліцыі, працаваў участковым інспэктарам Рэчыцкага РАУС. У 2015 годзе яго нібыта аштрафавалі за спажываньне наркотыкаў на 14 мільёнаў беларускіх рублёў. Мае пазыўны «Рой».
Аляксандар Ступніцкі нарадзіўся ў 1989 годзе і дагэтуль нібыта мае прапіску ў Воршы.
Паводле зьвестак цэнтру «Миротворець», абодва дагэтуль маюць беларускае грамадзянства.