Маці палітвязьня Ягора Марціновіча звольнілі з працы ў часопісе «Мастацтва»

Ягор Марціновіч, галоўны рэдактар «Нашай Нівы», якога пакаралі 2,5 года зьняволеньня

Тэатральны крытык Тацяна Мушынская больш не працуе ў часопісе «Мастацтва» — ёй прапанавалі напісаць заяву аб звальненьні па згодзе бакоў

Гэтую інфармацыю сама Тацяна Мушынская пацьвердзіла By_culture.

Тацяна Мушынская — вядомая беларуская журналістка, пісьменьніца, тэатральны крытык, лібрэтыст. Аўтарка двух дзясяткаў кніг. У 2013 годзе стала пераможцам Нацыянальнай тэатральнай прэміі ў намінацыі «Найлепшы журналіст (музычны крытык)». З 1991 году працавала рэдактарам аддзелу музыкі часопіса «Мастацтва».

Мушынская — маці палітвязьня Ягора Марціновіча, галоўнага рэдактара «Нашай Нівы», якому 15 сакавіка прысудзілі 2,5 года зьняволеньня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Маці рэдактара «Нашай нівы» расказала пра ператрус: «Большага вэрхалу ня бачыла ў сваім жыцьці»

Справа «Нашай Нівы»

  • Чатырох «нашаніўцаў» затрымалі 8 ліпеня 2021 году: галоўнага рэдактара сайту «Наша Ніва» Ягора Марціновіча, галоўную бухгальтарку «Нашай Нівы» Вольгу Раковіч, рэдактара часопіса «Наша гісторыя», дзіцячых часопісаў «Асьцярожна, дзеці!» і «Дуду» Андрэя Дынько і кіраўніка аддзелу рэклямы і маркетынгу Андрэя Скурко.
  • Марціновіча пры затрыманьні білі па галаве. Яму выклікалі «хуткую».
  • «Нашаніўцаў» затрымлівалі спачатку ў межах крымінальнай справы аб «арганізацыі дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак (ч. 1 арт. 342 КК Беларусі).
  • Паўторна іх затрымалі за тое, што камунальныя паслугі ў памяшканьні рэдакцыі яны плацілі паводле тарыфаў для фізычных асобаў, а трэба было як для юрыдычных. Пазыка склала 3500 рублёў. Марціновічу і Скурко выставілі абвінавачаньне ў нанясеньні маёмаснай шкоды без прыкметаў раскраданьня (ч. 2 арт. 216 КК). Ім пагражае «хімія» або калёнія тэрмінам да 5 гадоў.
  • Раковіч і Дынько выпусьцілі цягам двух тыдняў пасьля затрыманьня. Пад вартай застаюцца Марціновіч і Скурко.
  • Скурко хварэе на інсуліназалежны дыябэт. Да таго ж за кратамі ў яго дыягнаставалі пнэўманію.
  • Доступ да сайту «Нашай Нівы» зьнік 8 ліпеня, 29 ліпеня сайт nashaniva.com аднавіў працу. Рэдакцыя цяпер працуе з-за мяжы.