«Нашы ўрады па-ранейшаму нічога ня робяць для пераадоленьня абуральнай няроўнасьці. Замест гэтага яны сустракаюцца за зачыненымі дзьвярыма, удзельнічаючы ў выставе прыватных багацьцяў. Сёлета яшчэ чвэрць мільярда чалавек апынуцца ва ўмовах крайняй галечы. Прыйшоў час збалянсаваць сьвет. Прыйшоў час абкласьці падаткам багатых», — сказала Марлен Энгельхорн, адна зь мільянэраў, якія ўзялі ўдзел у пратэсьце.
Millionaires Marlene Engelhorn and Phil White in Davos, demanding that the rich get taxed. Time to wake up Davos. #TaxTheRich pic.twitter.com/hbCCvlCgMo
— Patriotic Millionaires UK (@PatMillsUK) May 22, 2022
Акцыю арганізавалі ўдзельнікі групы «Патрыятычныя мільянэры». Група ўпершыню сабралася ў ЗША ў 2010 годзе, каб запатрабаваць адмяніць падатковыя льготы для багатых, уведзеныя былым прэзыдэнтам ЗША Джорджам Бушам-малодшым. З таго часу да арганізацыі далучыліся больш за 200 заможных людзей. Мільянэры выступаюць, сярод іншага, за павышэньне мінімальнай аплаты працы і ўдасканаленьне прагрэсіўнай падатковай шкалы.
Традыцыйны эканамічны форум у швайцарскім Давосе адкрыўся 22 траўня 2022 году. У сэсіях бяруць удзел больш за дзьве тысячы чалавек. Выступоўцы — прадстаўнікі палітычных і бізнэс-элітаў, у тым ліку лідэры дзяржаў.
Адной з галоўных тэмаў форуму стане вайна ва Ўкраіне і яе наступствы. Удзельнікаў з Расеі на форум не запрасілі, а «Расейскі дом» у Давосе перайменавалі ў Дом ваенных злачынстваў Расеі.