Лукашэнка: Палякі расчляняць Украіну. Абмеркаваньне экспэртаў

Плякат на дэманстрацыі ў Польшчы, сакавік 2022

Што азначае заява Лукашэнкі пра тое, што Польшча зьбіраецца захапіць Заходнюю Ўкраіну, а потым і Заходнюю Беларусь? Чаму ён кажа — мы ўсё роўна пераможам, калі заяўляў, што Беларусь не ўдзельнічае ў вайне? Для каго і навошта ён заяўляе, што санкцыі прыводзяць да ўмацаваньня эканомік Беларусі і Расеі?

Гэтыя пытаньні на канале Свабода Premium абмеркавалі палітычныя аглядальнікі Юры Дракахруст, Валер Карбалевіч і Віталь Цыганкоў.

Карбалевіч

Валер Карбалевіч

  • Лукашэнка напярэдадні візыту казаў, што едзе да Пуціна, каб абмеркаваць пытаньні імпартазамяшчэньня. Аднак Пуцін на пачатку сустрэчы абнародаваў іншы парадак дня — бясьпека ў рэгіёне, але таксама і эканоміка. Бясьпека ў рэгіёне — гэта пытаньне вайны ва Ўкраіне.
  • Лукашэнка ня першы раз паўтарае мантру, што Польшча імкнецца захапіць Заходнюю Ўкраіну. Першы раз гэты ўкід быў зроблены кіраўніком зьнешняй выведкі РФ Сяргеем Нарышкіным 28 сакавіка.
  • Лукашэнку гэтая ідэя спадабалася, і ён яе паўтарае, здаецца, чацьвёрты раз. Гэтая вэрсія дазваляе Беларусі і Расеі выступіць у якасьці абаронцаў Украіны ад падступнага Захаду.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка расказаў Пуціну пра «ўзмацненьне эканомікі» і «пляны Захаду аддзяліць Заходнюю Ўкраіну»
  • Гэтая тэза — у рэчышчы шматгадовай рыторыкі Лукашэнкі пра тое, што Польшча імкнецца захапіць Заходнюю Беларусь. Гэта ўяўленьні клясычнай геапалітыкі першай паловы ХХ стагодзьдзя, калі захоп чужых тэрыторыяў лічыўся эфэктыўным спосабам атрыманьня розных дывідэндаў.
  • Замежная палітыка Беларусі пасьля пачатку вайны — гэта плюралізм у адной галаве, гэта дзьве паралельныя лініі. Адна — мы з Расеяй, мы ня можам ёй здрадзіць, мы заўсёды падставім плячо. У гэтым жа рэчышчы — падтакваньне Лукашэнкі Пуціну.
  • Другая лінія праяўляецца і ў выказваньнях Лукашэнкі, і ў лісьце Макея ў ЭЗ: мы ў вайне ня ўдзельнічаем, мы за мір, і таму трэба зьняць з нас санкцыі.
  • Гэтыя лініі супярэчаць адна адной. Але іншых варыянтаў няма.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пасланьні Лукашэнкі Пуціну ў Сочы і генэральнаму сакратару ААН — паралельныя рэальнасьці ў замежнай палітыцы Беларусі

Цыганкоў

Віталь Цыганкоў

  • Такіх шчыльных адносінаў паміж Польшчай і Ўкраінай не было ніколі ў гісторыі. Усе гістарычныя рахункі адкінутыя ўбок. Польшча прыняла 2,5 мільёна ўкраінскіх уцекачоў, Польшча дапамагае палітычна, эканамічна і ў вайсковай сфэры. І гэта выклікае раздражненьне ў тандэма Лукашэнка-Пуцін.
  • Анджэй Пачобут, журналіст, цяпер палітвязень, казаў некалі, што ў Лукашэнкі ёсьць моцная палёнафобія, якая час ад часу прарываецца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Анджэй Дуда: Пасьля Марыюпалю і Бучы з Расеяй ня можа быць спраў
  • Магчыма, Пуцін абмяркоўвае з Лукашэнкам магчымасьць уступленьня беларускага войска ў вайну на паўднёвым захадзе Беларусі, каб перакрыць шляхі забесьпячэньня Ўкраіны з Польшчы і праз Польшчу.
  • Калі Лукашэнка дае інтэрвію АР, ён кажа, якія мы мірныя. А калі размаўляе з Пуціным, кажа, што мы пераможам і дайце грошай.
  • Лукашэнка, калі гаворыць пра магчымасьці, якія адкрываюць санкцыі, мае на ўвазе магчымасьць заваліць беларускай прадукцыяй расейскі рынак.